Фота Надзеі Бужан.

Фота Надзеі Бужан.

У Беларусі аптымізавалі патрабаванні да раскладу і рэжыму навучальных заняткаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.

Адпаведную інфармацыю размясціла Міністэрства аховы здароўя на сваім сайце, растлумачваючы нормы пастановы Саўміна ад 7 жніўня 2019 года нумар 525 «Аб зацвярджэнні спецыфічных санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў да ўтрымання і эксплуатацыі ўстаноў адукацыі», паведамляе БЕЛТА.

У прыватнасці, аптымізаваны патрабаванні да раскладу і рэжыму навучальных заняткаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.

Так, выключана патрабаванне аб чаргаванні цяжкіх і лёгкіх навучальных прадметаў, дазволена правядзенне кантрольных работ у панядзелак, здваенне урокаў па фізкультуры для вучняў старэйшых за 18 гадоў, скарочана працягласць перазменкі, дапушчана правядзенне факультатыўных урокаў перад пачаткам навучальных заняткаў, калі яны пачынаюцца ў 9.00.

У плане харчавання дзяцей вызначаны асноўныя патрабаванні па папярэджанні групавой захваральнасці на вострыя кішэчныя інфекцыі.

Выключаны залішнія патрабаванні да адбору сутачных проб, тэхналогіі прыгатавання асобных страў, іх рэкамендаваныя аб'ёмы і інш. Устаноўлены агульныя патрабаванні да рацыёну харчавання навучэнцаў, у тым ліку ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Патрабаванні да рацыёну дзяцей аптымізаваны для захавання прынцыпаў дзіцячай дыетэтыкі, забеспячэння збалансаваным па харчовых рэчывах і энергіі харчаваннем.

Дадаткова вызначана абавязковасць арганізацыі навучальных заняткаў па 6-дзённым (а не па 5-дзённым) навучальным тыдні ў няпрофільных 10—11 класах (у якіх з 2018/2019 навучальнага года ўведзена прафесійнае працоўнае навучанне ў колькасці 6 навучальных гадзін на тыдзень).

Унесены патрабаванні да ўмоў і рэжыму заняткаў з выкарыстаннем навучальна-вылічальнай тэхнікі. Ва ўстановах для дарослых вызначана працягласць навучальнага занятку (45 мінут). Ва ўстановах вышэйшай адукацыі рэгламентавана вучэбная нагрузка для студэнтаў першага і другога курсаў дзённай формы навучання, устаноўлена мінімальная працягласць перапынкаў, вызначаны патрабаванні да правядзення кантрольных работ. Па ўстановах дадатковай адукацыі для дзяцей і моладзі выключаны патрабаванні адносна вызначэння ўзросту пачатку заняткаў у аб'яднаннях па інтарэсах і інш.

Адпаведныя змяненні будуць унесены ў санітарныя нормы і правілы. Да гэтага патрабаванні санітарных норм, якія супярэчаць пастанове, выконвацца не павінны.

Пастанова Саўміна падрыхтавана Міністэрствам аховы здароўя на падставе дэкрэта нумар 7 ад 23 лістапада 2017 года «Аб развіцці прадпрымальніцтва». Спецыфічныя санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні распаўсюджваюцца на ўстановы адукацыі незалежна ад форм уласнасці і ведамаснай прыналежнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0