Пра здарэнне, што адбылося ў Жлобінскім раёне, паведаміла ў тэлеграм-канале МУС прэс-сакратарка Вольга Чамаданава.
У міліцыю раніцай 26 жніўня патэлефанаваў дырэктар Пірэвіцкай школы. Ён паведаміў, што ў школе знаходзіцца малое дзіця без дарослых. Пра сябе хлопчык паведаміў толькі прозвішча і імя, а таксама ўзрост (6 гадоў).
Высветлілася, што хлопчыка прывяла ў школу жанчына з вёскі Салтанаўка. Яна, у сваю чаргу, распавяла, што дзіця знайшла касірка чыгуначнай станцыі. Хлопчыка суправаджаў малады мужчына, які, са слоў касіркі, быў п'яны. Пакінуўшы хлопчыка на пероне станцыі «Салтанаўка», мужчына сеў у цягнік і з'ехаў.
Жанчына забрала да сябе хлопчыка, бо яго яна не раз бачыла: ён часта заходзіў у краму разам з мамай. Жанчына паведаміла, што сям'я прыязджае ўлетку на дачу. Аднак дом, у якім пражывала сям'я, быў замкнёны.
Дзіця часова змясцілі ў прытулак да ўстанаўлення месца знаходжання бацькоў.
Да пошуку бацькоў падключыліся інспектары па справах непаўналетніх. З размовы з хлопчыкам стала вядома, што сам ён пражывае з бацькамі ў Расіі, а на станцыю яго прывёў дзядзька Слава. Пасля супрацоўнікі міліцыі звязаліся са сваякамі і ўдакладнілі, што маці дома адсутнічае і павінна знаходзіцца ў Жлобінскім раёне разам з сынам на дачы. Звязаліся з бацькам, ён прыехаў і забраў сына.
Да дома ў в. Кругавец, выехала следча-аператыўная група.
Падчас агляду прылеглай да дома тэрыторыі быў знойдзены прысыпаны зямлёй труп жанчыны. Суседзі пацвердзілі, што гэта мама хлопчыка.
Аператыўнікі крымінальнага вышуку Жлобінскага РАУС высветлілі, што ў вёсцы Кругавец пражываў 33-гадовы Слава, які падпрацоўваў на падворках у мясцовых жыхароў. Але ў апошнія дні яго ніхто не бачыў.
На працягу пяці дзён супрацоўнікі міліцыі праводзілі вышук 33-гадовага Славы, які, са словаў відавочцаў, купіў білет і з'ехаў. Сёння яго затрымалі па падазрэнні ў забойстве згаданай жанчыны (мамы хлопчыка).
Цяпер з падазраваным працуюць следчыя. Заведзена крымінальная справа.





