Борыс Джонсан заявіў у панядзелак, што ні пры якіх умовах не будзе прасіць Еўрасаюз аб адтэрміноўцы «брэксіту», піша bbc.com.
«Мы выйдзем з ЕС 31 кастрычніка што б там ні было», - заявіў Джонсан у тэлезвароце ў панядзелак увечары пасля экстранай нарады ўрада.
Джонсан заклікаў парламент не перашкаджаць яму, бо жорсткая пазіцыя дапаможа дамагчыся ад ЕС дамовы, якая задаволіць Лондан, у тым ліку і парламент.
Дэпутаты-апаненты Джонсана плануюць у бліжэйшыя дні прыняць закон, які абавязвае яго прасіць Еўрасаюз перанесці выхад з ЕС, як мяркуецца, да 31 студзеня.
Афіцыйная пазіцыя Джонсана заключаецца ў тым, каб дамагчыся ад Еўрасаюза новай рэдакцыі праекта пагаднення аб выхадзе Брытаніі - праекта, які большасць дэпутатаў, у тым ліку і сам Джонсан, тройчы адхілілі гэтай вясной.
Калі ЕС не пагодзіцца, то новы прэм'ер пагражае вывесці Брытанію без пагаднення - і гэта будзе сур'ёзным шокам для эканомікі абодвух бакоў.
Прадстаўнікі ЕС, аднак, ужо не раз заяўлялі, што ўрад Джонсана проста да гэтага часу не прапанаваў ніякіх альтэрнатыў галоўнаму каменю спатыкнення ў пагадненні - «ірландскаму бэкстопу», гэта значыць гарантыям адсутнасці мытнага кантролю і фізічнай мяжы паміж Ірландскай Рэспублікай і Паўночнай Ірландыяй.
Саміт Еўрасаюза, на якім плануецца абмеркаваць «брэксіт», пройдзе 17-18 кастрычніка.
Большасць дэпутатаў парламента - супраць «жорсткага брэксіта».
За тры месяцы адтэрміноўкі, як мяркуюць апазіцыянеры, Вялікабрытанія правядзе пазачарговыя выбары ў парламент, якія стануць свайго роду другім рэферэндумам аб «брэксіту».