Старшыня КДБ Беларусі Валеры Вакульчык расказаў журналістам 3 верасня пра справу Віктара Лемяшэўскага, уладальніка акумулятарнага завода пад Брэстам, супраць якога мясцовыя жыхары пратэстуюць ад пачатку 2018 года, піша Радыё Свабода.

Валеры Вакульчык нагадаў, што цяпер справу расследуе пракуратура. Віктар Лемяшэўскі пад вартай, кажа старшыня КДБ, «з ім яшчэ вельмі шмат людзей затрымана» — усе яны «раздавалі хабар адказным асобам за вырашэнне тых ці іншых пытанняў, у тым ліку і тых, што тычацца будаўніцтва акумулятарнага завода».

У гэтай справе арыштаваныя ў тым ліку два чыноўнікі Міністэрства прыроды, адзначыў Вакульчык, і яны прызналіся ў злачынствах.

Віктар Лемяшэўскі быў затрыманы 1 ліпеня. Паводле Генеральнай пракуратуры, за два гады да затрымання Лемяшэўскага праваахоўныя органы ўжо цікавіліся дзейнасцю ягонага завода ў Белаазёрску. Тады абышлося без арыштаў. КДБ завёў на Лемяшэўскага адразу некалькі крымінальных спраў — за атрыманне і даванне хабару.

Разам зь Віктарам Лемяшэўскім затрымалі Святлану Лемяшэўскую, галоўнага бухгалтара на іншым акумулятарным прадпрыемстве — белаазёрскім заводзе «БІТ-сплаў», былога кіраўніка «БІТ-сплаў» Сяргея Ахрамчука і намесніка дырэктара Івана Пакіслюка, а таксама двух індывідуальных прадпрымальнікаў з Бярозы — Дзмітрыя Рудскага і Сяргея Жуковіча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0