3 верасня ў буда-кашалёўскую міліцыю звярнуўся нераўнадушны мясцовы жыхар. Мужчына распавёў, што на баявой машыне дэсанту на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу па вул. Леніна, аэразольнай фарбай нанесены надпіс нецэнзурнага характару, паведамляе абласная міліцыя.

Аператыўнікі выехалі на месца здарэння.

Сапраўды, на машыне чорнай аэразольнай фарбай нехта напісаў два нецэнзурныя словы. Мяркуючы па почырку і памылках, надпіс зрабіла дзіця. Праз дарогу ад манумента знаходзіцца дзіцячая гульнявая пляцоўка. Дзеці расказалі міліцыі, што на днях балончык з фарбай быў у руках у хлопца, які фарбаваў свой самакат. Праз некаторы час знайшлі падлетка. Той пацвердзіў, што ў яго быў балончык з фарбай, але надпіс наносіў не ён, а яго 9-гадовы прыяцель.

Увечары хлопчыка знайшлі дома. Спачатку ён адмаўляў, што нанёс надпіс, але потым ва ўсім прызнаўся. Аказалася, проста не хацеў здавацца маладзейшым за двух старэйшых сяброў і хацеў даказаць, што ўжо дастаткова дарослы.

Усе матэрыялы праверкі перададзены ў інспекцыю па справах непаўналетніх. З улікам узросту парушальніка інспектары правядуць з ім прафілактычную размову. А маме прыйдзецца адказаць за паводзіны сына на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0