Узаемаадносіны Беларусі з блокам НАТА, у тым ліку краінамі-суседзямі, развіваюцца не на шкоду супрацоўніцтву з Расіяй. Пра гэта сёння заявіў журналістам дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Беларусі Станіслаў Зась, паведамляе БЕЛТА.

«Нельга казаць, што мы, дапусцім, сабраліся ў Варшаве (сустрэча з удзелам высокіх прадстаўнікоў ЗША, Польшчы і Украіны, якія адказваюць за пытанні бяспекі) і там размаўлялі супраць каго-небудзь ці інтрыгі там плялі. Ні ў якім разе. Нашы партнёры выдатна ведаюць, і там таксама пра гэта казалася, што Расія — наш стратэгічны саюзнік і партнёр, і нашы ўзаемаадносіны ні з блокам НАТА, ні з нашымі суседзямі, яны не на шкоду супрацоўніцтву з Расійскай Федэрацыяй. Мы развіваем кантакты і з нашымі заходнімі суседзямі, і з Расіяй», — падкрэсліў Станіслаў Зась.

Ён распавёў, што на наступным тыдні ў Беларусь прыедзе сакратар Рады бяспекі Расіі Мікалай Патрушаў.

«Гэта планавая паездка. Яна ні ў якім разе не ўвязана з нейкімі міжнароднымі падзеямі. У нас вынесеныя для абмеркавання пэўныя пытанні, увогуле яны дзесьці карэлююцца (з тым, што абмяркоўвалася ў Варшаве): і па стане міжнародных механізмаў кантролю над узбраеннямі, і па інфармацыйнай бяспецы. Нельга гэтыя пытанні вырашаць толькі з адным вектарам. Важна выбудоўваць дыялог менавіта з усімі ўдзельнікамі ў гэтым рэгіёне», — сказаў дзяржсакратар Рады бяспекі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру