Пра гэта заявіў журналістам міністр эканомікі Беларусі Дзмітрый Круты, паведамляе БелТА.

«Прэзідэнты павінны падпісаць праграму і пакет дарожных карт, а таксама шэраг пагадненняў, якія рашаюць для нас адчувальныя пытанні. У першую чаргу па газе. Гэта будзе прэзідэнцкі пакет», — заявіў міністр.

Ён растлумачыў, што зрабіць гэта, як і дамаўляліся кіраўнікі дзяржаў, плануецца пад 8 снежня (20-годдзе падпісання Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы) або, магчыма, напярэдадні, калі будзе вызначана іншая дата.

«Ад даты, якую ўзгаднілі ў Санкт-Пецярбургу, прэзідэнты не адступаюць. Усё, што адбываецца зараз, — гэта прамежкавая праца», — растлумачыў Дзмітрый Круты.

Паводле яго слоў, праграма дзеянняў будзе насіць рамачны характар. «Усе пытанні будуць у дарожных картах. Пасля дарожных карт пачнецца праца над нарматыўнымі актамі на працягу 2020 года. У розных сферах ужо розная ступень на сённяшні дзень уніфікацыі. Калі ўзяць мытню, то там практычна ўсе уніфікавана яшчэ ў рамках ЕАЭС.

Калі нейкія іншыя сферы, там людзі яшчэ нават не разумеюць маштабы неабходных зменаў», — расказаў міністр.

Дзмітрый Круты дадаў, што будзе вызначана, які масіў нарматыўных дакументаў трэба памяняць на працягу 2020 года.

«І з 1 студзеня 2021 года ў асноўных сферах будуць ужо запушчаны агульныя рынкі. Гэта агульная канцэпцыя, з улікам сектаральных асаблівасцяў могуць быць адхіленні», — сказаў ён.

Міністр адказаў станоўча на пытанне, ці застаюцца паміж бакамі спрэчныя пытанні, аднак ён не змог патлумачыць, у якіх сферах іх больш ці менш.

«Усё гэта можна зразумець і рабіць нейкія каментары, калі галіновыя спецыялісты сядуць за дарожныя карты, у нешта ўпруцца, і там мы зразумеем масіў рознагалоссяў на кожнай чашы вагаў, будзем гэта ўсё ацэньваць», — растлумачыў ён.

Дзмітрый Круты таксама ўдакладніў, што кошт з 1 студзеня 2020 года расійскага газу будзе вызначаны ў асобным міжурадавым пагадненні.

У цэлым ён ахарактарызаваў якасць дыялогу з расійскім бокам як вельмі дзелавую, нармальную і аператыўную.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0