У рэйтынгу ФІФА Эстонія займае 100-е месца, Беларусь — 84-я, фота ERR Sport
Сёння зборная Беларусі па футболе згуляе матч адборачнага турніру да Еўра-2020. У Таліне яна сустрэнецца са зборнай Эстоніі (19.00, «Беларусь-5»).
Адборачны турнір дзве краіны пачалі жахліва, яны не маюць ніводнага бала.
Паўночная Ірландыя — 12, Нямеччына — 9, Нідэрланды — 3, Эстонія, Беларусь — 0.
Беларусы прайгралі чатыры матчы (двойчы Паўночнай Ірландыі, па адным Нямеччыне і Нідэрландам). Эстонцы прайгралі тройчы (два разы паўночным ірландцам), прычым немцам разгромна 0:8.
Сённяшняя гульня за чацвертае месца ў групе.
У наступным месяцы беларусы згуляюць з эстонцамі дома (10 кастрычніка), а 13-га прымуць на «Дынама» Нідэрланды. Скончаць турнір выязной гульнёй супраць Нямеччыны ў лістападзе.
Каб трапіць на Еўра-2020 праз гэты адбор, трэба заняць другое месца ў групе. Шанцаў на гэта няма.
Праўда, у беларусаў ёсць запасны варыянт трапіць на Еўра-2020 праз Лігу нацый.
Яны перамаглі ў сваёй групе ў Лізе D, і зараз у сакавіку 2020 года пазмагаюцца за права прабіцца на чэмпіянат Еўропы праз міні-турнір Лігі нацый. Дзеля гэтага спачатку трэба выйграць у гасцях у Грузіі, а затым перамагчы пераможцу пары Паўночная Македонія — Косава.