Фота: Брестская газета.
Пазіцыя па будаўніцтве акумулятарнага завода ў Брэсце нязменная: завод не будзе ўведзены ў эксплуатацыю з парушэннямі заканадаўства. Пра гэта на тэлеканале АНТ заявіў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс, паведамляе БелТА.
Паводле яго слоў, як пачалося будаўніцтва завода, мясцовыя ўлады неаднаразова папярэджвалі інвестара аб тым, што завод павінен быць пабудаваны без усялякіх парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства. Чакалася, што гэта будзе вартае прадпрыемства па вытворчасці поўнага цыклу акумулятараў, якога ў рэспубліцы няма. А такі завод краіне патрэбны. «Але, на жаль, інвестар пайшоў па шляху завуаліравання некаторых момантаў, якія выклікалі абурэнне сярод насельніцтва», — праінфармаваў Ліс.
Ён расказаў, што, выступаючы перад насельніцтвам і ў сродках масавай інфармацыі, адзначаў, што калі на заводзе будуць выяўлены парушэнні, то ён працаваць не будзе. «І калі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя зрабіла замеры і пацвердзіла гэта, мной было прынята рашэнне аб прыпыненні будаўніцтва і ўводу яго ў эксплуатацыю. Людзей труціць не будзем», — падкрэсліў ён.
Акумулятарны завод ТАА «АйПауэр» магутнасцю 2 млн умоўных акумулятарных батарэй у год узведзены ў СЭЗ «Брэст» у раёне аэрапорта. Распараджэннем старшыні Брэсцкага аблвыканкама ад 14 чэрвеня будаўніцтва спынена да ліквідацыі недахопаў.
Будаўніцтва акумулятарнага завода паблізу Брэста выклікала масавыя пратэсты жыхароў. На працягу года людзі кожны тыдзень збіраліся ў цэнтры горада, каб выказаць сваю нязгоду і прыцягнуць увагу ўлады да гэтай тэмы.