Уладзімір Някляеў напісаў верш да гадавіны Аршанскай бітвы. Паэт змясціў яго ў сваім фэйсбуку.

Крапівенскае поле 

На Крапівенскім полі вятры.
Палыны. На далоні патры −
Загарчыць. Торгне сутаргай, болем.
Тут вякі праплылі, як віры па Дняпры,
За палкамі палкі 
тут прайшлі ваяры, 
Змагары, што накрытыя полем.

На Крапівеньскім полі трава. Крапіва.
Тут крыві напілася Масква,
Татарва з крыжакамі ў хаўрусе…
Тут над імі
усімі
паўстала Літва — 
І абрынулася ў Беларусі!

Дзе ж мы дзелі 
літоўскую долю?
Веліч продкаў? Іх вольную волю,
Што яны аплацілі крывёй?
Як гарчыць палыном на Крапівенскім полі −
І пячэ крапівой!..

8 верасня мінула 505 год ад дня адной з самых слаўных вайсковых перамог нашых продкаў. У 1514 пад Оршай ваяры ВКЛ на чале з гетманам Канстанцінам Астрожскім ушчэнт разбілі вялізнае маскоўскае войска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0