Кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька будзе вылучацца ў Палату прадстаўнікоў па Усходняй выбарчай акрузе №107. У гэты момант ён таксама сябра Савета Рэспублікі — верхняй палаты парламента.

Давыдзька расказаў «Нашай Ніве», чаму цяпер ідзе ў дэпутаты. 

«Ці мае права кіраўнік грамадскага палітычнага аб'яднання не балатавацца ў Палату прадстаўнікоў? Я проста абавязаны! Калі мяне абралі, было зразумела, што я буду вымушаны! Я мушу прадстаўляць там наш рух! — патлумачыў Давыдзька. — Я жыву ў гэтай краіне, мне не абыякава, што і як тут адбываецца, тут мае дзеці і ўнукі жывуць, тут магілы продкаў. Як я магу не ісці абараняць інтарэсы маёй грамады і маёй дзяржавы?».

Давыдзька ўжо двойчы быў дэпутатам, у 2004-2012 гадах.

«Тады спрычыніўся да шэрагу законаў, у тым ліку да Закона аб СМІ, аб рэкламе, музеях і музейнай дзейнасці, грамадскіх аб'яднаннях… Тады я абараняў грамадскія аб'яднанні і творчыя саюзы, дый цяпер ёсць над чым папрацаваць.

Але асабліва жахлівае становішча ў нас з працаўладкаваннем моладзі, катэгарычна патрэбныя нейкія метады па заахвочванні моладзі да працоўных месцаў. Ну і гэтак далей, шмат чым планую займацца, калі абяруць», — дадаў Давыдзька. 

Па адной акрузе з ім будзе балатавацца кіраўнік «Руху За Свабоду» Юрась Губарэвіч. Як Давыдзька ацэньвае асноўнага канкурэнта? 

«Яго ёсць за што паважаць. Ён добра падрыхтавана і ў Чэхіі, і ў Штатах, прысланы сюды з пэўным заданнем, паспрабуе перамагчы. Але мяне гэта не бянтэжыць, наадварот — я б хацеў з ім пазнаёміцца, мо будзем супрацоўнічаць». 

Але што значыць «дасланы»? Губарэвіч жа стала жыве ў Беларусі.

«Я толькі тыдзень таму прачытаў яго біяграфію, дзе ён вучыўся, якія погляды ў яго. Тыповы ліберал, — сказаў Давыдзька і дадаў, як можна апісаць яго ўласныя палітычныя погляды:

— Нядаўна занатаваў на аркушы свае палітычныя прынцыпы і жахнуўся — я амаль што камуніст! І ўладу — народу, і сродкі вытворчасці таксама дзяржаўныя. Я камуніст з ліберальным ухілам, і нейкія нават манархічныя думкі ў мяне ў галаве.

Хто б мог стаць манархам? Ну я тут я маю на ўвазе моцную ўладу, аўтарытэт лідара і асобы. Хочам мы тут ці не хочам, а на славянскай тэрыторыі — салярнае [звязанае з сонцам — «НН»] чалавецтва. Нават не ідэі патрэбныя, а чалавек. А ідэі потым». 

Генадзь Давыдзька

Нарадзіўся 29 верасня 1955 у вёсцы Папоўка Сенненскага раёна. Скончыў Далёкаўсходні педагагічны інстытут мастацтваў (1977), Беларускую акадэмію мастацтваў (1991).

Працаваў у Арэнбургскім абласным драматычным тэатры імя Горкага, Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя Дуніна­Марцінкевіча, Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы.

У 1997—2004 — дырэктар Купалаўскага тэатра, у 2004—2012 — дэпутат Палаты прадстаўнікоў. У 2010—2018 — старшыня Белтэлерадыёкампаніі. З 2018 — старшыня праўлення «Белай Русі».

Жанаты, мае дачку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?