Фота Яўгена Ерчака

Фота Яўгена Ерчака

Суд Заводcкага раёна Мінска часткова задаволіў пазоў сям’і Дзмітрыя Серады аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды да казны Рэспублікі Беларусь, піша Радыё Свабода.

Пазваныя заявілі ў спрэчках у судзе, што дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі пры затрыманьні Дзьмітрыя Серады былі законнымі і абгрунтаванымі.

Паводле адвакаткі Дзьмітрыя Серады, патрабаваньні заяўляліся да некалькіх пазваных. Але суд задаволіў патрабаваньні менавіта да казны Рэспублікі Беларусь. «Гэта чыста юрыдычны аспэкт», — сказала адвакатка карэспандэнту Свабоды. Серада атрымае каля 3 000 рублёў кампэнсацыі. Гэта грошы, якія сям'я патраціла на рамонт кватэры пасьля ўварваньня АМАПу, мэдыцынскую і юрыдычную дапамогу.

«Трэба ўмець прызнаваць свае памылкі»

«Няхай міліцыя напіша ў інтэрнэце, папросіць прабачэньня перад намі. Мяне абразілі, майго сына, усю маю сям’ю. Я не хачу, каб мне было сорамна перад людзьмі», — казала ў судзе маці Дзьмітрыя Галіна Серада. Яна ўладальніца кватэры, у якую 4 жніўня 2016 году ўварваліся амапаўцы ў масках. Дзьмітрыя на вачах у жонкі і трохгадовага дзіцяці паклалі тварам у падлогу, заламалі рукі за сьпіну, надзелі кайданкі.

Усе гэтыя гады Дзьмітры патрабуе дабіцца прызнаньня ўварваньня ў ягоную кватэру незаконным і кампэнсацыі.

Першы намесьнік Заводзкага РУУС Менску Віталь Капілевіч падчас працэсу заявіў, што ва ўсім вінаватыя «правакацыйныя паводзіны» Дзьмітрыя Серады.

«І ў выніку ягоныя няслушныя дзеяньні пры зносінах з супрацоўнікам міліцыі справакавалі тыя абставіны, якія ёсьць на сёньня. Ажно да прычыненьня ўрону ягонай сям’і і шкоды здароўю дачкі», — сказаў Віталь Капілевіч.

Заява аб правакацыйных паводзінах «не вытрымлівае ніякай крытыкі», лічыць адвакатка Дзьмітрыя Тацьцяна Падрэцкая. Серада ня ведаў, што за людзі ўрываюцца ў ягонае жытло.

«Напэўна, трэба ўмець прызнаваць свае памылкі. Але, на жаль, у гэтай сытуацыі з боку пазваных прызнаньня сваіх памылак не адбылося», — сказала адвакатка.

«Не паспрабавалі выклікаць позвай»

Уся гісторыя пачалася з таго, што дзьве жанчыны заявілі ў міліцыю «пра факт дэманстрацыі палавых органаў неўстаноўленай асобай». Цяпер гэтая крымінальная справа прыпыненая, бо ня высьветлена асоба, якая ўчыніла злачынства.

Адна з пацярпелых паказала на Дзьмітрыя Сераду, якога ўбачыла каля пад'езду. Міліцыянты разам з амапаўцамі паехалі затрымліваць Дзьмітрыя як падазраванага. Перад гэтым яго нават не паспрабавалі выклікаць позвай і ня высьветлілі нумар мабільнага тэлефона, каб непасрэдна зь ім зьвязацца. А само рашэньне аб прыцягненьні АМАПу было ўзгоднена толькі на наступны дзень пасьля затрыманьня.

Паказаў пасьведчаньне ў дзьвярное вочка

Дапытаны ў судзе ў якасьці сьведкі опэрупаўнаважаны Аляксандар Нушчык, які кіраваў апэрацыяй, на большасьць пытаньняў адказваў «ня памятаю», «цяжка адказаць» альбо «гэта ёсьць у матэрыялах справы». Раней яго апытвалі 12 разоў.

Нушчык расказаў, што ля дзьвярэй кватэры Серады сказаў: «Адчыніце, міліцыя» і паказаў пасьведчаньне ў вочка. Таксама ён патэлефанаваў на хатні нумар, пачуў мужчынскі голас і паклаў слухаўку.

У рапарце Нушчыка гаворыцца, што ён вырашыў прыцягнуць да затрыманьня Серады амапаўцаў пасьля апытаньня дзьвюх суседак. Адна зь іх заявіла, што ў кватэры Серады «пэрыядычна адбываюцца скандалы». Нушчык зрабіў выснову, што падазраваны «схільны да гвалту і непадпарадкаваньня».

Аднак пазьней гэтыя жанчыны, якіх дапытваў сьледчы, заявілі, што нічога дрэннага пра Дзьмітрыя Сераду не казалі.

Нушчык заявіў, што Дзьмітры Серада «ўхіліўся ад патрабаваньняў» і «ён зьяўляўся падазраваным, на яго паказала пацярпелая».

Пасьля допыту прадстаўнік МУС заявіў, што Нушчыку нібыта было кепска ў судзе, і прасіў суд дапытаць яго дадаткова. Аднак судзьдзя адхіліла хадайніцтва.

Серада «самастойна лёг на падлогу тварам уніз»

Паводле паказаньняў амапаўца Сяргея Кавальчука, ад Нушчыка стала вядома, што трэба затрымаць мужчыну, які падазраецца ў «мностве сэксуальных злачынстваў».

«Ён (Нушчык. — РС) патлумачыў, што падазраваны добра фізычна разьвіты, моцны, займаецца спортам, характарызуецца як нэрвовы, можа пры затрыманьні аказваць актыўны супраціў. Нушчык давёў, што штурм кватэры неабходна зрабіць адначасова з двух кірункаў — з вакон і праз уваходныя дзьверы».

Амапаўцы падняліся з дапамогай альпінісцкага рыштунку на дах дома для штурму кватэры праз балькон. Празь нейкі час, паводле Кавальчука, камандзір групы паведаміў праз радыёсувязь, што ў кватэры, апроч падазраванага, знаходзяцца жанчына і дзіця.

Паводле амапаўца, Дзьмітры Серада не супраціўляўся і «самастойна лёг на падлогу тварам уніз, самастойна завёў рукі за сьпіну». І ён надзеў Сераду кайданкі.

Паводле Кавальчука, адсутнасьць супраціву была падставай прымяніць фізычную сілу ў меншай ступені.

«Мела месца спроба схавацца ва ўласнай кватэры»

У сваім выступе Віталь Капілевіч патлумачыў, што Дзьмітры Серада «практычна забарыкадаваўся ў сваім жыльлі» і «мела месца спроба схавацца ад органаў ва ўласнай кватэры». Таму была дадзена каманда на сілавое пранікненьне ў жыльлё.

«Гэта зьяўляецца стандартнай працэдурай у затрыманьні асобаў, падазраваных ва ўчыненьні аналягічных злачынстваў. Бо такі від злачынства зьвязаны з псыхічным расстройствам. А экіпіроўка падразьдзяленьня заўсёды стандартная».

На пытаньне адвакаткі, ці ўдакладнялі міліцыянты, ці Серада стаіць на ўліку ў псыхдыспансэры, Віталь Капілевіч адказаў, што гэта, маўляў, вынікае «з практыкі работы ў раскрыцьці аналягічных відаў злачынства».

«Як правіла, у такой катэгорыі злачынстваў не заўсёды падазраваныя асобы маюць нармальны псыхічны стан».

Адвакатка спыталася, ці лічыць Віталь Капілевіч неабходным прынесьці прабачэньні Сераду за незаконнае ўварваньне ў жыльлё і за незаконнае прымяненьне фізычнай сілы і спэцсродкаў. Паводле Капілевіча, супрацоўнікі міліцыі дзейнічалі згодна з законам.

«Адпаведна ніякіх прабачэньняў у гэтай частцы мы прынесьці проста ня можам», — сказаў ён.

Высновы службовай праверкі «зроблены вельмі заўчасна»

Пры гэтым ёсьць заключэньне службовай праверкі, дзе зроблена выснова, што супрацоўнікі, якія ўварваліся ў кватэру, парушылі закон аб органах унутраных спраў.

Віталь Капілевіч сказаў, што ня можа аспрэчваць высновы праверкі, але яны «былі зробленыя вельмі заўчасна, ня вывучыўшы ўсе нормы заканадаўства».

На пытаньне адвакаткі, ці лічыць ён заключэньне, падпісанае тагачасным начальнікам ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандрам Барсуковым і ягонымі намесьнікамі памылковым, Віталь Капілевіч адказаў: «Адназначна».

Напярэдадні суду Серадзе восьмы раз адмовілі ў завядзеньні крымінальнай справы. Такое рашэньне прыняў Сьледчы камітэт пасьля дадатковай праверкі.

Што адбылося ў жыцьці Дзьмітрыя Серады

Раніцай 4 жніўня 2016 году ў кватэру Серады ўварваліся амапаўцы ў масках, на вачах у жонкі і трохгадовага дзіцяці паклалі Дзьмітрыя тварам у падлогу, заламалі рукі за сьпіну, надзелі кайданкі і, працягваючы зьбіваць у спэцаўтатранспарце, даставілі ў РУУС Заводзкага раёну.

Падчас уварваньня амапаўцы выбілі ўваходныя дзьверы ў кватэру і шыбу ў бальконных дзьвярах у кухні. У пастарунку лекара дапыталі ў якасьці падазраванага ў хуліганстве (ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэксу). Дзьмітрыя Сераду адпусьцілі з пастарунку на наступны дзень, бо ў сьледчага «адпалі падставы для далейшага ўтрыманьня яго пад вартай».

22 жніўня прадстаўнік МУС накіраваў у суд свае пярэчаньні, у якіх сьцьвярджае, што заява сям’і Серады аб кампэнсацыі матэрыяльнай шкоды «не абгрунтаваная і не падлягае задавальненьню».

У дакумэнце гаворыцца, што па факце пранікненьня ў жыльлё крымінальная справа супраць капітана міліцыі Нушчыка была спыненая Генпракуратурай «з прычыны адсутнасьці ў ягоных дзеяньнях складу злачынства».

Дзьмітры Серада цягам трох гадоў спрабуе абскардзіць дзеяньні амапаўцаў, якія перавысілі свае паўнамоцтвы, але за гэты час атрымаў восем адмоваў у завядзеньні крымінальнай справы.

Дагэтуль ні Міністэрства ўнутраных спраў, ні менская міліцыя не прапаноўвалі сям’і Серады кампэнсаваць нанесеную шкоду, а таксама не прасілі публічна прабачэньня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?