Чытачы «Нашай Нівы» звярнулі ўвагу на апараты пітной вады, якія сталі з'яўляцца ў розных раёнах Мінска. Кожнаму ахвотнаму прапануецца набраць чыстую ваду ў сваю тару. Літр каштуе 20 капеек.

«У Мінску на сёння 150 такіх апаратаў. Мы рухаемся супраць гадзіннікавай стрэлкі: Серабранка, Уручча і гэтак далей. Хутка плануем замкнуць кола вакол Мінска. Яшчэ 200 апаратаў працуюць у іншых гарадах Беларусі», — расказаў «Нашай Ніве» прадстаўнік расійскай кампаніі «Жывая вада», якая валодае апаратамі.

Як працуе гэты бізнэс? Кампанія арандуе месца пад апарат у жыллёва-камунальнай службы, а пасля ўразаецца ў вадаправод і выводзіць ваду ў свой кран.

То бок з апарата цячэ не артэзіянская вада, якую, напрыклад, прывозяць некаторыя службы дастаўкі вады, а вадаправодная, прапушчаная праз моцны прамысловы фільтр.

Прадстаўнікі «Жывой вады» запэўніваюць, што раз на тры месяцы іх вада праходзіць санітарна-эпідэміялагічнае даследаванне. У залежнасці ад тыпу апарата, фільтры мяняюцца раз на два ці на тры месяцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?