67-гадовая Ганна Астрэйка была на пенсіі. Сама жыла ў Мазыры, у вёску Раманаўка прыязджала на сезон: вясна, лета.

Яна сама была родам з Раманаўкі, тут у яе засталася бацькоўская хата.

У гэтай хаце Ганна Іванаўна і згарэла.

«Апошнім часам яна была тут, у вёсцы, хадзіла ў лес, у ягады, даглядала агарод, збірала бульбу. Праблем з ёй ніколі не было. Побач з ёй жыве ветэран, ён ніколі не скардзіўся на суседку. Пра праблемы ў яе з алкаголем таксама ніколі не чулі», — кажуць у сельсавеце.

Вядома, што да Ганны Іванаўны ў госці прыехала яе сяброўка з Мазыра: 62-гадовая Валянціна Патапенка.

Патапенка і Астрэйка жылі ў адным доме ў Мазыры: адна на пятым паверсе, другая на шостым. Сябравалі, нярэдка бавілі час разам.

Уначы 11 верасня ў міліцыю патэлефанавала невядомая жанчына і паведаміла, што забіла чалавека. Жанчына блыталася ў словах, называла розныя месцы ў Мазырскім раёне, дзе адбылося цяжкае злачынства, пасля чаго сувязь абарвалася.

А неўзабаве ў міліцыю паступіў званок ад жыхаркі вёскі Раманаўка: да яе ў дом грукала нейкая жанчына, крычала, паводзіла сябе неадэкватна. Адначасова з гэтай жа вёскі паступіў выклік ратавальнікам: гарыць дом. У згарэлым доме работнікі МНС знайшлі труп жанчыны. Звязаўшы два здарэнні, праваахоўнікі зразумелі, што званок невядомай і пажар — часткі аднаго цэлага.

«Неўзабаве супрацоўнікі крымінальнага вышуку знайшлі ў вёсцы і затрымалі магчымую падазраваную. Жанчына паводзіла сябе ненармальна, бо была п'яная. Толькі раніцай яна змагла паведаміць аператыўнікам сваю версію таго, што адбылося, — паведамляе міліцыя. — Папярэдне высветлена, што 62-гадовая жанчына разам са сваёй 67-гадовай знаёмай адпачывалі на дачы ў вёсцы. Пасля распіцця спіртных напояў паміж жанчынамі ўзнікла сварка. Больш маладая дачніца жалезным відэльцам некалькі разоў ударыла знаёмую па галаве, патэлефанавала ў міліцыю, падпаліла цюль і выбегла з памяшкання».

Цяпер па справе працуюць следчыя.

«Наша Ніва» звязалася з мужам Валянціны Патапенка, ён адмовіўся каментаваць гісторыю. Паведаміў толькі, што, на яго думку, жонка можа быць невінаватай.

Суседзі кажуць, што канфліктаў паміж жанчынамі ніколі не было. Здарэнне стала для іх шокам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?