Навошта трэнерцы дэпутацтва?
«Я неабыякавая да палітыкі, эканомікі, сацыяльнага ладу дзяржавы. Неабыякавая да таго, хто як зарабляе, вучыцца, у каго якія льготы.
Я за сацыяльную дзяржаву. Шмат чаго ў Савецкім Саюзе было добрага. Савецкі Саюз паказаў усяму свету, як для насельніцтва можна зрабіць бясплатную медыцыну і адукацыю.
Мне падабаюцца гэтыя сацыяльныя заваёвы нашай былой краіны, лічу, што іх аддаваць нельга. Наш прэзідэнт робіць усё правільна, бо ў нас дагэтуль трымаецца бясплатная адукацыя і медабслугоўванне».
Наталля Наважыла дадае, што будзе выступаць за аднаўленне дзіцячых спартовых школ, якія раней былі бясплатныя. «Іх мы крыху страцілі. Раней у нас у класе ну два-тры чалавекі — поўныя, з праблемамі з сэрцам — не займаліся. Усе астатнія хадзілі ў спартыўныя секцыі — хто на тэніс, хто на плаванне».
Яшчэ адна прычына, чаму трэнерка вырашыла балатавацца ў дэпутаты, — узрост.
«Я калісьці вяла і па пяць, і па шэсць класаў на дзень. Але ўжо не тое здароўе — час перадаваць вопыт, папрацаваць на карысць дзяржавы. Я ўсё жыццё прысвяціла барацьбе за здаровы лад жыцця, таму ў прынцыпе маё рашэнне балатавацца лагічнае.
Я шмат з кім раілася. З 2000-х увесь час сумнявалася. І Таццяна Караткевіч, з якой мы сябруем, сказала: «Наташа, я думаю, табе трэба, чаму б і не».
А палітыкай можна займацца хоць да 100 гадоў. Я хачу быць найстарэйшым дэпутатам, хачу ў 100 гадоў увайсці ў Палату прадстаўнікоў сваімі нагамі, у цвярозым розуме».
Пра тое, што яе суперніцай будзе «Міс Беларусь», Наталля Наважылава ўжо ведае. Кажа, што не супраць, калі тая пераможа — маладым таксама трэба даваць дарогу.
За свой фітнэс-клуб Наталля не перажывае: вось ужо восем год яго дырэктарам з’яўляецца яе сын. Таму магчымае дэпутацтва справам клуба не нашкодзіць.
Легендарная фітнэс-трэнерка Наталля Наважылава: «У мяне займалася нават нявестка Лукашэнкі»





