Выбарчыя кампаніі, асабліва этап збору подпісаў, — час абсалютнай палітычнай лібералізацыі. Вось кіраўнік АГП Мікалай Казлоў абвесціў правядзенне пікета ля ГУМа. Прычым першаснай мэтай былі зусім не подпісы, а нагадаць, што дваццаць гадоў таму былі выкрадзеныя і забітыя Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі.

Сабралася каля пятнаццаці чалавек. Прыкладна столькі ж было і сцягоў. Самых розных: і АГП, і БХД, і Народнай грамады, і з варыяцыяй «Пагоні», якую выкарыстоўваюць актывісты «Еўрапейскай Беларусі» ў сваіх пікетах.

Мікрафон у рукі ўзяў Максім Вінярскі (калі хто не ведае, то гэта такі волат супраціву, актывіст «Еўрапейскай Беларусі», які сёлета балатуецца па той жа акрузе, дзе мадэлька Марыя Васілевіч).

Трымаючы левую руку ў кішэні, Максім пачаў рэзаць у мікрафон: «20 гадоў таму эскадронамі смерці былі скрадзеныя і забітыя Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. Перад гэтым быў забіты Юрый Захаранка, знішчаны журналіст Зміцер Завадскі. Таксама быў забіты Генадзь Карпенка, яго смерць была выгадная ўладам. Быў забіты Алег Бябенін, ягоная смерць была інсцэніраваная пад самагубства. За ўсе гэтыя забойствы давядзецца адказаць».

У гэты час з прайгравальніка зайграла гімнавая музыка: «Адкажы перад народам боскім, адкажы, хлуслівы валадар, дзе цяпер Захаранка, Красоўскі, дзе цяпер Завадскі і Ганчар?».

Шчыра кажучы, вялікай цікавасці дадзеная акцыя ў мінчукоў не выклікала. Максімум — яны здымалі на мабілкі і хуценька ішлі далей па сваіх справах. «Давай хутчэй адсюль, а то міліцыя забярэ», — шушукаліся пенсіянеры на прыпынку.

Міліцыя не праяўляла да гэтай актыўнасці ніякага інтарэсу. Некалькі ціхароў, канечне, дзяжурылі побач, але не падыходзілі да ўдзельнікаў. Міма пранёсся былы прэс-сакратар МУС Георгій Яўчар. Здаецца, ён нават не зірнуў на пікет.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру