14 верасня ў адным з Чыкагскіх прыгарадаў — Маўнт Проспект (Mount Prospect) — мэрыя горада ініцыявала, арганізавала і правяла мерапрыемства па азнаямленні з этнічнымі каранямі жыхароў прыгарада — Celebration of Cultures 2019 (Святкаванне культур 2019).

Былі прадстаўнікі ад Францыі, Нямеччыны, Польшчы, Індыі, Італіі, Карэі, Коста Рыкі і інш. Быў на мерапрыемстве стол і ад Беларусі, што падрыхтавала Беларуская Грамада ў Чыкага. Беларускі намёт апынуўся паміж Нарвегіяй і Румыніяй.

Прыемна зазначыць, што беларускі намёт быў сярод тых, да якога ўвесь час падыходзілі і падыходзілі людзі. Шмат было такіх наведвальнікаў, каму спачатку трэба было паказаць карту Еўропы. А былі і такія, што нават і сталіцу Беларусі ведаюць.

Падыходзілі і сем’ямі: пакуль дзіцяці гуляе з беларускімі лялькамі, маці расказваюць пра гатоўку бульбы з грыбамі, а бацька ўважліва разглядае фотаздымкі беларускага зубра — еўрапейскага брата паўночнамарыканскага бізона. Хтосьці самааддана займаўся выцінанкай, а хтосьці — спрабаваў вымавіць «Прывітанне!», «Цудоўны дзень!» і «Жыве Беларусь!»

Цягам дня можна было паспытаць традыцыйныя стравы ад нямецкай, мексіканскай, італьянскай, польскай кухні; паглядзець на нацыянальныя карэйскія, егіпецкія, балгарскія, польскія, індыйскія танцы; паслухаць гавайскую ўкулеле і лацінскі джаз.

На культурным мерапрыемстве была і мясцовая паліцыя, што сачыла за парадкам. Палісмэны віталі наведвальнікаў і жадалі ім добрага настрою. У кожнага паліцэйскага быў адкрыты твар, на форме быў бэйджык з імем, прозвішчам і асабістым службовым нумарам. Калі дзеці прасілі бацькоў зрабіць фотаздымак з паліціяй, дык паліцэйскія з задавальненнем падтрымвалі просьбу малых.

Задаволенымі засталіся і арганізатары з валанцёрамі, і наведвальнікі свята. Удзельнікі суполкі Беларуская Грамада ў Чыкага атрымалі асабістыя падзякі ад наведвальнікаў фестывалю ў форме шматлікіх кампліментаў, што намёт ад Беларусі атрымаўся адным з самых цікавых і маляўнічых. Усё атрымалася, значыць, беларусы Чыкага будуць і на Святкаванні культур 2020. 

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0