На сустрэчы з кіраўніком Дзяржваенпрама Раманам Галоўчанкам Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ўжо створана ракета сярэдняй далёкасці, а ў планах, маўляў, яшчэ больш магутная зброя. 

Але можна падумаць, што гэта агаворка — насамрэч ракет сярэдняй далёкасці ў Беларусі няма (сярэдняя далёкасць азначае радыус прымянення 1000 — 5500 кіламетраў). Дагэтуль было вядома толькі пра работы па ўдаскальванні ракет «Паланэза» і нейкую звыштаемную распрацоўцу крылатай ракеты «Бусел», далёкасць якой таксама не падбіраецца да тысячы кіламетраў.

«Наша Ніва» звярнулася ў Дзяржваенпрам з просьбай дапамагчы разабрацца ў заявах Лукашэнкі. 

Афіцыйны прадстаўнік ДВПК Уладзімір Лаўранюк патлумачыў, чым можа быць выклікана блытаніна. 

«Справа ў тым, што нядаўна мы прадставілі адразу дзве новыя ракеты. Першая з іх — гэта канцэпт, — ракета, якая ляціць да 500 кіламетраў, яна для «Паланэза».

Сам комплекс быў прадстаўлены ў 2016 годзе з ракетай далёкасцю да 200 кіламетраў, потым было 300 кіламетраў, цяпер працуем над 500. Гэта не сярэдняя далёкасць.

Але ёсць і яшчэ адна ракета, яна акурат сярэдняй далёкасці, але па іншай класіфікацыі — класіфікацыі для зенітных ракет. Гаворка пра наш комлекс «Бук-МБ3К» — гэта пераасэнсаванне старога «Бука», які страляў савецка-расійскімі ракетамі.

Ад яго засталася толькі назва — Беларусь замяніла ўсё: і тэхнічную начынку, і шасі, і баявую ракету — яна вось і называецца 9М-318, прадстаўлена сёлета, яе можна было бачыць на парадзе. Далёкасць яе паражэння — да 70 кіламетраў, прытым цэль можа ляцець на вышыні да 25 кіламетраў і на хуткасці да 1350 метраў за секунду», — патлумачыў Лаўранюк. 

Ваенны эксперт Аляксандр Алесін дадае, што пакуль што цыкл вытворчасці ракет няпоўны — мы залежым ад Кітая, які робіць цвёрдапаліўныя элементы, якія дазваляюць, груба кажучы, ракеце ляцець.

Пры гэтым большасць тэхнічнага забеспячэння, кантэйнер і колавая база — беларускія. 

«Жаданне ўзброіцца тлумачыцца рознымі фактарамі. У прыватнасці, Расія нам сучасную зброю не прадае, каб мы, імаверна, так аслабелі, што папрасілі іх прыйсці да нас са сваёй ваеннай базай. А іншы сусед — Польшча, узбройваецца. Яны ўжо набылі ракеты «Хеймарс» з далёкасцю да 300 кіламетраў, і авіяцыйныя ракеты. Наконт «больш моцнай» зброі можна падумаць, што гаворка вялася пра распрацоўку нашай крылатай ракеты. Пра яе казалі ўжо даўно, і ўвесь гэты час, напэўна, нейкая работа вялася», — сказаў Алексін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?