23 верасня Экспертная рада па пытаннях жыцця i сям’i пры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі выказалася ў падтрымку агульнанацыянальнага збору подпісаў пад зваротам да прэзідэнта аб прыняцці адмысловай праграмы ў абарону традыцыйнай сям’і і заканадаўчай забароны прапаганды аднаполых зносінаў сярод непаўналетніх, піша catholic.by

«У апошнія часы ў нашай краіне ўсё актыўней праяўляюцца тэндэнцыі непавагі да духоўных каштоўнасцяў і Богам створанага інстытуту сям’і, які з’яўляецца падмуркам грамадства. У першую чаргу яны скіраваны на дзяцей і моладзь праз СМІ, сацыяльныя сеткі, спецыяльныя семінары па гендарнай роўнасці, квір-фестывалі, падручнікі для псіхолагаў і журналістаў. Занепакоены такім станам рэчаў, Каталіцкі Касцёл заклікае да захавання Божага права і натуральнага закону як у асабістым жыцці, так і ў жыцці грамадства», — гаворыцца ў звароце.

Касцёл таксама звяртаецца да заканадаўцаў з заклікам распрацоўваць і прымаць законы ў адпаведнасці з вечна актуальнымі этычнымі нормамі.

У звароце зазначаецца, што сёлета беларускія абаронцы жыцця, у тым ліку валанцёры дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы», распачалі агульнанацыянальны збор подпісаў пад зваротам да прэзідэнта аб прыняцці адмысловай праграмы ў абарону традыцыйнай сям’і і заканадаўчай забароны прапаганды аднаполых зносін сярод непаўнагадовых.

«Каталіцкі Касцёл рашуча абараняе традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, выступае супраць садомскага граху, які з’яўляецца адным з чатырох грахоў, якія клічуць аб помсце да Неба. Трэба падкрэсліць, што Касцёл выступае менавіта супраць граху, а не супраць людзей. А за грэшнікаў, якія свядома парушаюць шостую Божую запаведзь, у тым ліку за тых, якія маюць аднаполыя зносіны, трэба маліцца і заклікаць іх да навяртання», — рэзюмуюць аўтары звароту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0