Супрацоўнікі ўпраўлення аператыўных мерапрыемстваў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Мінску праверылі аўтара вулічных аб'яваў, які прапаноўваў «хуткія грошы ў доўг», паведамляюць «Мінск-навіны»

Як вядома, такія людзі фактычна займаюцца выкупам тэхнікі, аформленай у растэрміноўку, а затым яе перапрадаюць.

Прадстаўнік упраўлення патэлефанаваў аднаму з такіх «прадпрымальнікаў» пад выглядам патэнцыйнага кліента, каб дамовіцца пра пазыку. Сустрэчу прызначылі ў гандлёвым цэнтры каля станцыі метро «Магілёўская». Адзіная ўмова — мець пры сабе пашпарт.

Падчас асабістай сустрэчы дамовіліся пра перадачу «ў доўг» 500 рублёў. Узамен «кліенту» прапанавалі аформіць на свой пашпарт у салоне мабільнага аператара растэрміноўку на мабільнік і бесправадныя навушнікі агульным коштам 700 рублёў.

«Прадпрымальнік» планаваў выкупіць тэлефон па зніжанай цане і пасля прадаць яго ў Інтэрнэце па цане ніжэй за рынкавую.

Даведаўшыся, што патэнцыйны кліент аказаўся супрацоўнікам падатковых органаў, пазычальнік грошай у доўг вельмі занерваваўся. Як ён прызнаўся, працаваць па такой хітрай схеме пачаў толькі два тыдні таму і за гэты перыяд паспеў выкупіць і прадаць усяго два тэлефоны.

У дачыненні да грамадзяніна складзены адміністрацыйны пратакол па частцы 2 артыкула 12.7 КоАП (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць).

Цяпер мужчыне пагражае разбіральніцтва ў эканамічным судзе і штраф да 50 базавых велічынь з магчымай канфіскацыяй сумы незаконна атрыманага даходу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0