Tairo Lutter, Postimees
У Таліне быў знойдзены труп 56-гадовага былога кіраўніка эстонскага філіяла банка Danske Айвара Рэхе. Па звестках Postimees, труп быў знойдзены ў яго ўласным садзе, і ўсё паказвае на самагубства.
Рэхе прапаў раніцай 23 верасня. Паколькі да абеду ён не вярнуўся, блізкія занепакоіліся і паведамілі ў паліцыю. Паліцыя, у сваю чаргу, зазначыла, што яго жыццю можа пагражаць небяспека, але яна зыходзіць ад яго самога. У Рэхе не было з сабой мабільнага тэлефона, таму ўсталяваць яго месцазнаходжанне было немагчыма.
Эстонскае аддзяленне Danske Bank — найбуйнейшага камерцыйнага банка Даніі — вінавацяць у правядзенні сумніўных аперацый на сотні мільярдаў еўра, у тым ліку па адмыванні грошай нерэзідэнтаў-расіянаў.
У сакавіку гэтага года Рэхе сказаў Postimees, што адчувае сябе адказным за гэта, але лічыць, што мер супраць адмывання грошай, прадпрынятых Danske, было ў той час дастаткова.
У лістападзе 2017 года ў Эстоніі была заведзена крымінальная справа ў дачыненні да эстонскага філіяла Danske. Дзяржпракуратура пацвердзіла, што ў дачыненні да Айвара Рэхе справа не заводзілася і што ён не звязаны са следчымі дзеяннямі ў адносiнах да банка. На дадзены момант падазрэнні ў адмыванні грошай у буйных памерах прад'яўленыя 12 былым супрацоўнікам Danske.