Віктар Марціновіч піша на budzma.by пра неабходнасць перапахавання Кастуся Каліноўскага ў Беларусі.

Глядзіце, усё проста: ёсць чорнае, ёсць белае. 

Ёсць дабро і ёсць зло. 

Ёсць герой, які загінуў за нашу зямлю, быў пахаваны ў сакрэтнай магіле на тэрыторыі гарнізону, каб толькі нашчадкі (мы!) не знайшлі і не прыйшлі падзякаваць. 

Але адбыўся цуд, і зямля вярнула героя людзям. 

Бо не хацела зямля ўтрымліваць героя там, дзе яго схавалі ад нас.

І, здавалася б, яшчэ ў той момант знак быў вельмі яўным. Бо няма нічога больш натуральнага, чым ушанаванне чалавека, які загінуў за краіну, чым права знайсці спакой у той краіне, за якую ён змагаўся. 

На зямлі, дзе гавораць на той мове, за якую ён паклаў сваё жыццё. 

Ці, можа, ёсць тут тыя, хто скажа, што «Лісты з-пад шыбеніцы» напісаны не па-беларуску? І што ёсць важнейшым для вызначэння самасвядомасці, як не мова, якой герой гаворыць перад смерцю?

Але ў аўтарытарнай культуры не бывае белага і чорнага. 

Тут усё пераблытана. Усё шэранькае. Тут няма аднаго кодэксу гонару. Тут іх адначасова дваццаць. І палажэнні аднаго адмяняюць асновы іншага.

Тут найпалымянейшыя змагары за гады выгнання паспелі пераблытаць матывы і наступствы. 

Я атрымаў некалькі асабістых мэсіджаў ад людзей, якіх паважаю. Людзей, дастаткова вядомых у беларускай справе. 

Яны просяць мяне адклікаць мой подпіс пад зваротам да літоўцаў з нагоды пахавання Каліноўскага. Яны заклікаюць падпісаць альтэрнатыўны зварот (а ўжо ёсць і такі!) — ні ў якім разе не выдаваць Каліноўскага Беларусі.

Я прагартаў іх матывы — а ў іх ёсць матывы. Там і дапушчэнне, што любы беларус можа з’ездзіць у Вільню так, быццам гэта не сталіца іншай дзяржавы (і заўсёды будзе так), а Гродна ці Магілёў.

І вельмі цьмянае — пра тое, што чалавек мусіць ляжаць там, дзе быў пакараны смерцю, інакш ягоны подзвіг будзе дэсакралізаваны (не зразумеў). І недавер да дзеянняў грамадскай супольнасці. І завязванне любой ініцыятывы на ўладу — быццам няма вялікіх нацыянальных святаў, зладжаных у 2018-м грамадой, няма помнікаў, узведзеных на грошы людзей, а не выканкамаў.

Мільгануў абсалютна ўбойны аргумент, што, маўляў, тут Каліноўскі будзе ляжаць побач з Замяталіным ці Машэравым.

Быццам цяпер любы свядомы беларус мусіць з’язджаць паміраць у Нью-Ёрк, каб быць далей ад Машэрава. А самы сапраўдны патрыёт проста абавязаны быць спаленым у індыйскім Варанасі, з попелам, развеяным па-над Гангам, каб нават пасля смерці не кранаць паверхні планеты, па якой хадзілі не прыхільныя беларускай ідэі людзі. 

Той факт, што паняцце «Радзіма» аўтаматам уключае ў сябе ўсіх тых памерлых да цябе і пасля цябе, з якімі б ты не сеў за адным сталом, аказаўся непразрыстым для шмат якіх інтэлектуалаў. 

Калі тут не можа быць пахаваны Каліноўскі, чаму вы ўсе тут жывяце?

І так, пахаванне Каліноўскага сапраўды можа быць ператворанае ў Дажынкі, але гэта будзе пахаванне ў Беларусі. Той краіне, за якую ён змагаўся і якой пры ягоным жыцці нават не існавала. 

Вось што галоўнае: задумайцеся пільна над фразай з артыкула Андрэя Дынько: «Рэч у тым, што ідэю перапахавання Каліноўскага ў Беларусі першым выказаў літоўскі бок».

Што яна азначае? 

Што літоўскі бок «далікатна, канфідэнцыйна, па дыпламатычных каналах» намякае, што гатовы адмовіцца ад пахавання Каліноўскага на сваёй тэрыторыі. 

І зараз — увага! — беларускі бок, пакуль у выглядзе тых самых заўзятараў беларускай справы, што пісалі мне асабістыя мэсіджы, а таксама іншых разумнікаў, з артыкуламі пра «дэсакралізацыю подзвігу» — дык вось, беларускі бок, хай сабе зусім не далікатна, не канфідэнцыйна і не па дыпламатычных каналах, ад Каліноўскага таксама адмаўляецца.

І глядзіце: вось ён. 

Чалавек, які загінуў за нашу свабоду. 

Ляжыць, нікому не патрэбны. Яму ў Беларусі — высвятляецца — не знойдзецца двух метраў на пахаванне. Прынамсі «пакуль у Беларусі не пачнуць адкрывацца беларускамоўныя школы». 

Як, праз якія каштоўнасныя пасткі, мы прыйшлі вось да гэтай дыскусіі? Ці не сорамна тым, хто адмаўляе Беларусі і беларусам хаця б у спробе вярнуць сабе героя нумар адзін? Хто пачынае прысаромліваць і бэсціць людзей, што падтрымалі ініцыятыву?

З часоў першых напаўпадпольных выставаў Шагала ў Віцебску ў 1980-х усё добрае ў Беларусі робіцца ў межах «ліберальных шчылін».

Я прадбачу, што да жніўня 2020-га года ўладзе — на адсутнасць якой сярод ініцыянтаў перадачы Каліноўскага Беларусі наракаюць песімісты, — давядзецца знайсці паразуменне з прыхільнікамі беларускага адраджэння.

Тыя прыхільнікі ў цяперашні момант вельмі напружаныя чаканнем падзеяў 8-га снежня. І так, у мяне ёсць адчуванне, што побач з гульнёй літоўскага боку тут ёсць і гульня самага сур’ёзнага беларускага афіцыёзу. Але ніхто з падпісантаў не заклікае галасаваць за Машу Васілевіч.

Я асабіста лічу, што не скарыстаць гэтую магчымасць, каб вярнуць Каліноўскага Беларусі, было б здрадай.

Я шчыра спадзяюся, што ў ліпені наступнага года ўскладу кветкі на магілу Яські з-пад Вільні ў Мінску ля святога Роха.

Дзеячы культуры звярнуліся да Літвы: Просім пахаваць Каліноўскага ў Беларусі

Касцёл: Мы б прадаставілі зямлю пад пахаванне Каліноўскага ў цэнтры Мінска ля аднаго з храмаў

Андрэй Дынько: Чаму я падпісаў зварот за перапахаванне Каліноўскага ў Беларусі. І некалькі інсайдаў

Група літоўскіх дэпутатаў падтрымае перапахаванне Каліноўскага ў Беларусі

Дубавец: Перавоз Каліноўскага ў Беларусь дэсакралізуе ягоны подзвіг

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

56
Каментатар / Адказаць
23.08.2019 / 18:20
Дзякую спадару Марціновічу.
61
Каментатар / Адказаць
08.09.1970 / 19:32
Паглядзім, што ты асабіста гатовы будзеш зрабіць (а не толькі палка напісаць), і да якога выніку не адступаць, каб  ў ліпені наступнага года" ўскласьці кветкі на магілу Яські з-пад Вільні ў Мінску ля святога Роха". Пакуль у часы лукашысцкага рэжыма людзей учынкаў было нашмат менш людзей дэкларацый. 
https://dcsfxzu8xls6u.cloudfront.net/?c=ar&i=237997
49
Каментатар / Адказаць
18.03.1981 / 14:32
Не проста дзякуй, а ВЯЛІКІ ДЗЯКУЙ! 
Калі нехта (хай сабе і паважаны) называе гэту тэму "грымець косткамі", неяк цяжка яго зразумець.Пасля такіх "аргументаў" напрошваецца радыкальны вывад: гаварыць супраць вяртання Каліноўскага - гэта не паважаць сваю Радзіму, сваю гісторыю і яе сапраўдных герояў. Нават - адмаўляцца ад сваей гісторыі. 
Паказаць усе каментары/ 41 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру