Аператыўнікі па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС выявілі больш за 30 чалавек, якія сталі ахвярамі ашуканцаў у сферы спажывецкага крэдытавання. Толькі чатыром з іх нанесены ўрон звыш 25 тыс. рублёў, а дакладная сума будзе вызнаана пазней, паведамляе прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава ў сваім тэлеграм-канале.

Крымінальны бізнэс арганізавала віцебская сям'я з чатырох чалавек. Яны знаходзілі людзей, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, і ўгаворвалі афармляць на сябе бытавую тэхніку ў крэдыт. Тэлевізары, халадзільнікі, мікрахвалёўкі, тэлефоны, планшэты ды іншае забіралі сабе, абяцаючы ўносіць плацяжы самастойна.

Калі атрымаць пазыку на тэхніку не ўдавалася, на кліента афармлялі крэдытную карту, якую дзялкі забіралі сабе і ў наступным здымалі з яе грошы.

За паслугу пацярпелым плацілі ўзнагароджанне ад 50 да 100 рублёў. Пасля здзелкі знікалі — пагашаць крэдыты яны нават не збіраліся.

Тавар рэалізоўваўся па заніжаных цэнах праз фінансавую структуру, якая працуе па прынцыпе ламбарда. Атрыманыя грошы трацілі на сябе.

Дапамагалі ў злачыннай схеме спецыялісты і прадаўцы-кансультанты дзвюх буйных гандлёвых сетак. Яны дапамагалі афармляць неабходныя дакументы і ўладжваць з банкамі пытанні плацежаздольнасці кліентаў. За гэта атрымлівалі ўзнагароду ад саўдзельнікаў. У дадатак работнікі крамы афіцыйна прэміраваліся кіраўніцтвам, якое нічога не падазравала, за паспяховую рэалізацыю тэхнікі.

Тэрмін пакарання за такое злачынства прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0