Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з прадстаўнікамі ўкраінскіх СМІ заявіў, што ён не раз казаў, што Беларусь вельмі зацікаўлена ў трывалым міры і стабільнасці ў нашых украінскіх сяброў, піша БелТА.

«Гэтая пазіцыя грунтуецца не толькі на платформе добрасуседства. Цяперашні канфлікт на ўсходзе Украіны — гэта боль у сэрцах і беларусаў. Наш боль», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што Беларусь робіць і працягне рабіць усё, што ад яе залежыць, для дасягнення міру ва Украіне: ад забеспячэння работы трохбаковай кантактнай групы ў Мінску, аказання гуманітарнай дапамогі да ўдзелу ў аднаўленні інфраструктуры Данбаса. «Мы зробім любыя крокі, якія дапамогуць наблізіць нас да міру», — сказаў ён.

Таксама Лукашэнка адзначыў, што сустрэча з прадстаўнікамі ўкраінскіх СМІ праводзіцца напярэдадні II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які пройдзе ў Жытоміры ў пачатку кастрычніка.

«Гэты праект вельмі значны не толькі для нашых краін, але і, адкрыю сакрэт, для мяне асабіста», — прызнаўся ён.

Ён нагадаў, што два гады таму кіраўніцтва Украіны падтрымала гэтую ідэю і ўжо праз год у Гомелі адбыўся першы такі форум.

На сустрэчу з кіраўніком беларускай дзяржавы прыехалі прадстаўнікі інфармацыйных агенцтваў «Укрінфарм» і «Інтэрфакс-Украіна», тэлеканалаў «Украіна», «112 Украіна» і «1+1», газеты «Урядовий кур'єр».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0