Дадзена: ютуб-блогеры Марат Мінскі (121 тысяча падпісантаў), Арцём Шапораў (40 тысяч), Уладзімір Цыгановіч (33 тысячы), Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін (23 тысячы), Сяргей Ціханоўскі (16 тысяч), Андрэй Павук (11 тысяч), Павел Спірын (10 тысяч).

Злева направа: Сяргей Ціханоўскі, Марат Мінскі, Аляксандр Кабанаў, Арцём Шапораў, Мікалай Маслоўскі, Уладзімір Цыгановіч.

Злева направа: Сяргей Ціханоўскі, Марат Мінскі, Аляксандр Кабанаў, Арцём Шапораў, Мікалай Маслоўскі, Уладзімір Цыгановіч.

Усе яны сабраліся разам, каб падтрымаць вылучэнне ў дэпутаты айцішніка, блогера Мікалая Маслоўскага. Ідзе ён у дэпутаты па Кальварыйскай выбарчай акрузе №104, той самай, дзе кандыдаткай ад улады ідзе «Міс Беларусь» Марыя Васілевіч. «Пракоцім Машу», — такі лозунг сваёй кампаніі абраў Маслоўскі.

26 верасня ўсе яны сабраліся разам на пікет ля крамы «Карона» на вуліцы Кальварыйскай. Найперш, каб прыцягнуць увагу да сваёй кампаніі, а таксама па магчымасці сабраць крыху подпісаў.

Каб вы разумелі пра блогераў, гэта сапраўды вельмі папулярныя каналы, якія глядзіць вялізная колькасць людзей. На гэтай жа сустрэчы выпадковыя людзі, што ішлі ў краму па прадукты, падыходзілі да Марата Мінскага ці Арцёма Шапорава, каб сфоткацца ці ўзяць аўтограф.

«А я вас ведаю», — часта чулася ад самых розных людзей.

Марат Мінскі (першы злева) — адзін з самых папулярных ютуб-блогераў Беларусі. У жоўтых кепках Сяргей Пятрухін (злева) і Аляксандр Кабанаў.

Марат Мінскі (першы злева) — адзін з самых папулярных ютуб-блогераў Беларусі. У жоўтых кепках Сяргей Пятрухін (злева) і Аляксандр Кабанаў.

Што было на пікеце? Як ні дзіўна, а можа так і было задумана, але сам Маслоўскі быў далёка не самай галоўнай дзеючай асобай. Канечне, нямала людзей падыходзіла і да яго, але ўвага многіх была сканцэнтравана на іншых.

Напрыклад, да апошняга так ніхто і не ведаў, ці прыйдзе адзін з самых папулярных ютуб-блогераў краіны Марат Мінскі (Абрамоўскі).

«Я прыйшоў сюды, каб праявіць сваю салідарнасць з усёй блогерскай грамадой, — сказаў ён «НН». — Блогерства сёння — гэта рэальная інфармацыйная альтэрнатыва таму, што адбываецца».

Мы спыталі, а ці не страшна Марату пачынаць займацца палітыкай? «Не забывайцеся, што вы размаўляеце з праектам КДБ (смяецца), мне ўвогуле няма чаго баяцца. Калі капнуць крыху глыбей, то вы ўбачыце, што з палітыкай у мяне нашмат больш агульнага, чым з блогерствам».

Абрамоўскі ў свой час быў адным з лідараў пратэстнага руху «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі».

Сяргей Ціханоўскі, ягоны канал «Краіна для жыцця» набывае папулярнасць.

Сяргей Ціханоўскі, ягоны канал «Краіна для жыцця» набывае папулярнасць.

Сяргей Ціханоўскі (канал «Краіна для жыцця») вылучаецца сярод прысутных сваім фактурным выглядам. За ім паўсюль ходзяць два хлопцы: адзін з камерай, другі сочыць за гукам. У Ціханоўскага ўсё ў парадку з мерчам, ён раздае прысутным майкі і кепкі з надпісамі «Краіна для жыцця», аформленых у бел-чырвона-белай колеравай гаме.

У Ціханоўскім усё выдае халерычны склад характару. Ён гукае ў мегафон, спрачаецца, правакуе, пытаецца людзей. Праўда, перажывае, што падпісчыкаў пакуль не дужа багата, але хоча верыць, што хутка дабярэ.

Арцём Шапораў падобны да звычайнага пацанчыка з любога мікрараёна, а тым не менш яго канал «Грамадства Гомель» глядзіць больш за 40 тысяч чалавек.

«Круты дзень, гістарычная падзея — блогеры аб’ядналіся. Нам не дужа моцна спадабалася вылучэнне 22-гадовай Марыі. У чалавека ёсць заслуга — міс Беларусь, і яна ідзе ў палітыку. Калі я стану найлепшым дворнікам горада, то мне таксама ісці ў палітыку? Я хачу, каб у палітыцы былі пісьменныя і разумныя спецыялісты. Мы паказваем абсурд дадзенай сітуацыі. Я вельмі рады быў усіх бачыць, мне падабаецца атмасфера.

Мне Коля Маслоўскі пазваніў: давай замуцім такую тэму. Я кажу, ды ну нафіг, хай яны самі ў сваіх выбарах удзельнічаюць, потым разгаварыліся, вырашылі ўсіх блогераў прыцягнуць. Сёння за Машу збіраюць подпісы настаўнікі, ніхто нават не сумняваецца, што яна стане дэпутатам. А мы паказваем, якую падтрымку атрымае Мікалай Маслоўскі, але мы нікуды не пройдзем. Якая падтрымка ў Машы? Пра яе ж ніхто не ведаў, пакуль яна не пайшла танцаваць з Лукашэнкам? Я пару месяцаў таму нават не ведаў: Васілевіч — гэта міс ці містар Беларусь», — кажа Шапораў.

Арцём Шапораў (справа).

Арцём Шапораў (справа).

Яшчэ адзін блогер Уладзімір Цыгановіч даказаў, што здольны прыцягваць да сябе ўвагу не толькі ў відэафармаце, але і ў рэале. Ён хутка збірае вакол сябе натоўп людзей, і ўсе слухаюць яго. Пра выбары, пра Васілевіч, пра стан нашага грамадства, пра праблемы краіны. Цыгановіч падобны да пратэстанцкага пастара, толькі вось выразы ён ужывае больш моцныя.

Цікава, што побач аказваюцца лідар і экс-лідар АГП Мікалай Казлоў і Анатоль Лябедзька.

Старшыня АГП Мікалай Казлоў.

Старшыня АГП Мікалай Казлоў.

«Анатоль Уладзіміравіч, вы тут як блогер?» — пытаемся ў Лябедзькі.

«Па цотных днях я блогер», — жартуе ў адказ Лябедзька.

Палітык мяркуе, што ў супрацоўніцтве з блогерамі ёсць вялізны патэнцыял для палітыкаў. Гаворым пра тое, што ў будучыні кандыдату ў прэзідэнты магчыма будзе сабраць 100 тысяч подпісаў толькі пры дапамозе такіх крыніц інфармацыі.

Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька.

Берасцейскі «народны рэпарцёр» Аляксандр Кабанаў якраз партыец і якраз прадстаўляе АГП. Кабанаў расказвае, што ў папулярных ютуб-блогераў ёсць свой чат, дзе і абмяркоўваюцца самыя розныя ідэі, там і нарадзілася гэтая з вылучэннем Маслоўскага.

Сам Кабанаў таксама балатуецца ў дэпутаты, але ў самім Брэсце. «Справы з выбарамі ў Брэсце не вельмі, а з людзьмі добра. На сённяшні дзень палова сабраных подпісаў ёсць — гэта проста шыкоўны вынік. І сабрана гэта ўсё было толькі на пікетах».

Кабанаў набыў асаблівую вядомасць падчас змагання супраць акумулятарнага завода, які падобна так і не запрацуе. «Калі вывезуць абсталяванне, калі за гэта адкажуць усе вінаватыя чыноўнікі, тады можна будзе гаварыць пра канчатковую перамогу», — кажа Кабанаў.

Час ад часу з’яўляюцца размовы, што Кабанаў можа стаць кандыдатам у прэзідэнты налета. «Не, ні думак такіх не было, ні прапаноў (смяецца). Чэсна, не», — адказвае блогер.

Блогер Павел Спірын (у цэнтры).

Блогер Павел Спірын (у цэнтры).

З калонак гучыць вельмі дзіўны мікс песень: і нешта пра пчол, і ўсё, што застанецца пасля мяне ад ДДТ, і Вайцюшкевіч на верш Караткевіч, і «Путінарода» ад Brutto.

Пікет — далёка не самы эфектыўны сродак па зборы подпісаў, звычайна куды больш плёну дае абыход кватэр і інтэрнатаў, але за Маслоўскага сапраўды падпісваюцца. Некалькі дзясяткаў аўтографаў ён сабраў і на гэтай піяр-акцыі.

Побач адзінока стаяць зборшчыкі подпісаў за кандыдата-камуніста Генадзя Насевіча. Гэта начальнік дарожна-эксплуатацыйнага камунальнага прадпрыемства «Рамаўтадор» Фрунзенскага раёна. У ягонай біяграфіі асобна напісана, што мае падзяку ад яшчэ мітрапаліта Філарэта за сваю дзейнасць.

«Як гэта стасуецца, камуніст і рэлігія?» — пытаюцца ў дзяўчат, што стаяць у пікеце. «Вы занадта вузка мысліце», — гулліва адказваюць тыя. Так і не ўбачылі, каб хоць хтосьці распісаўся за Насевіча.

«Людзі прыходзілі не толькі подпісы ставіць, але і выказваць падтрымку, прыносілі праблемы свае, будзем разбірацца, рыхтаваць відэа і канкрэтнае рашэнне пытання. Пазнавальнасць ужо расце», — сказаў «НН» Мікалай Маслоўскі.

Мікалай Маслоўскі.

Мікалай Маслоўскі.

А яшчэ было шмат агульных здымкаў, бачна, што людзі стасаваліся сабе ў задавальненне. «Вы ўжо фоткаецеся як пераможцы», — адзначыў нехта з прысутных. «А мы ўжо і ёсць такія», — пачулася ў адказ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?