Ва ўкраінскім Жытоміры 4 кастрычніка робяцца беспрэцэдэнтныя захады бяспекі перад сустрэчай кіраўнікоў Беларусі і Украіны Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Зяленскага, піша Радыё Свабода.

Усе месцы, якія Лукашэнка і Зяленскі маюць наведаць у межах Форуму рэгіёнаў, ачэпленыя. Чакаецца, што пасля сустрэчы сам-насам яны возьмуць удзел у пленарным паседжаньні Форуму рэгіёнаў, а затым агледзяць выставу буйнагабарытнай тэхнікі.

Самалёт Лукашэнкі мусіў прыляцець у Жытомір у 9.30. Форум ужо ідзе, журналістаў у залю не пускаюць, але абяцаюць трансьляцыю і запрашаюць у афіцыйны прэсавы цэнтар.

Нацыянальная паліцыя і Нацыянальная гвардыя працуюць ва ўзмоцненым складзе, таксама шмат спецыяльнай аўтамабільнай тэхнікі праваахоўнікаў і «хуткіх дапамог».

Сама сустрэча мае прайсці ў будынку Абласной дзяржаўнай адміністрацыі (усярэдзіну пускаюць толькі паводле спісаў). Плошча перад ёй ачэпленая, а перад плошчай, дзе знаходзіцца выстава буйнагабарытнай тэхнікі, выставілі мэталічныя рамкі.

Мясцовыя жыхары, карыстаючыся прысутнасцю СМІ ў горадзе, выйшлі на плошчу з невялікай акцыяй пратэсту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?