Экс-кандыдат у прэзідэнты, лідар «Народнай грамады» Мікола Статкевіч сабраў сёння людзей на Плошчы Свабоды ў Мінску, дзе прайшоў мітынг «Абаронім Беларусь».

А 14-й гадзіне на плошчы сабралася каля 100 чалавек. 

Статкевіч выступаў з карэты, што стаіць на плошчы Свабоды.

Павел Севярынец казаў пра заробкі па 40-50 рублёў у калгасах Віцебшчыны.

Лідар Маладога фронта Дзяніс Урбановіч парваў партрэт Пуціна, а Валянцін Троцкі, кандыдат ад «Народнай грамады», быў катэгарычны: «Лукашэнка мусіць сысці».

Удзельнікі мітынгу спалілі пасведчанні кандыдатаў і сябраў ініцыятыўных груп.

Уключылі таксама песню «Ленінграда»: «Выбары, выбары, кандыдаты — [вельмі нехарошае слова]».

***

«Нашай краінай проста гандлююць, вядуцца перамовы пра тое, колькі незалежнасці ў нас забярэ Крэмль, на якіх умовах і так далей. Сам факт вядзення такіх перамоваў — гэта ўжо знявага. Але і страшэнная небяспека. Я думаю, што беларускае грамадства, патрыёты павінны ўзвысіць свой голас у абарону незалежнасці», — казаў перад акцыяй Статкевіч.

Паводле яго слоў, мітынг павінен прайсці ў фармаце перадвыбарчага пікета па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты ад Народнай Грамады. Такі самы пікет на плошчы Свабоды ў Мінску з гукаўзмацняльнай тэхнікай ужо праводзіўся 2 кастрычніка.

«Фармат цалкам адпавядае нават іхняму заканадаўству, ён легальны, ніякай пагрозы няма. Адмяніць рэгістрацыю ініцыятыўнай групы яны не маюць права. То бок у нас месяц свабоды, і мы скарыстаемся гэтым месяцам», — сцвярджае Статкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?