Пентагон анансаваў найбуйнейшыя за апошнія 25 гадоў сумесныя ваенныя вучэнні з краінамі НАТА ў Еўропе.
У пачатку наступнага года ЗША накіруюць у Еўропу тры танкавыя брыгады і тысячы ваеннаслужачых іншых родаў войскаў. Яны возьмуць удзел у найбуйнейшых на кантыненце ваенных вучэннях пад кіраўніцтвам амерыканскіх ваенных за апошнія 25 гадоў. Пра гэта паведамляе штодзённая газета Міністэрства абароны ЗША Stars and Stripes.
У прэс-службе Еўрапейскага камандавання Узброеных сіл ЗША (EUCOM) распавялі, што ў наступным годзе на тэрыторыі Еўропы адбудуцца вучэнні Defender Europe 2020. Яны будуць праходзіць у дзесяці краінах, але асноўныя адбудуцца ў Нямеччыне і Польшчы.
У вучэннях будуць задзейнічаны 37 тыс. вайскоўцаў, у тым ліку 20 тыс. амерыканскіх салдат. Вайсковая тэхніка пачне паступаць у Еўропу ў лютым, а вучэнні пройдуць у красавіку і маі.