Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сваім твітары паабяцаў разбурыць эканоміку Турцыі ў тым выпадку, калі яе ўлады зробяць нешта, што будзе недапушчальным.

«Як я і заяўляў раней, калі Турцыя зробіць нешта, што я, у сваёй вялікай і непараўнальнай мудрасці, палічу такім, што выходзіць за рамкі, я цалкам знішчу эканоміку Турцыі (я рабіў гэта раней!)», — напісаў Трамп.

Таксама ён звярнуў увагу на тое, што Анкара павінна несці адказнасць за палонных баевікоў «Ісламскай дзяржавы» і іх родных. Трамп таксама падкрэсліў, што Злучаныя Штаты зрабілі «больш, чым нехта мог чакаць» у барацьбе з «Ісламскай дзяржавай» — зараз надышла чарга багатых краін Блізкага Усходу займацца гэтай праблемай.

«ЗША — вялікая краіна!» — завяршыў сваю тыраду амерыканскі прэзідэнт.

Раней 7 кастрычніка стала вядома, што Злучаныя Штаты адмовіліся падтрымліваць ваенную аперацыю Турцыі ў Сірыі. Амерыканскія ваенныя сілы больш не будуць знаходзіцца побач з месцам правядзення аперацыі. Курды назвалі такое рашэнне «ўдарам у спіну» з боку амерыканцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0