38-гадовага жыхара Гомеля шукалі ўжо некалькі месяцаў. Са жніўня ён лічыўся зніклым без звестак. Але 10 кастрычніка Следчы камітэт паведаміў: знайшлі парэшткі мужчыны. Ён быў забіты, а падазраваны — яго родны старэйшы брат.
Загінулага звалі Ігар Шаціла. Яму было 38 гадоў.
Ігар Шаціла
Мужчына жыў разам з братам Сяргеем у кватэры па вуліцы Восіпава, якая засталася ім ад бацькоў. Бацькі, дарэчы, каля 10 гадоў таму таксама загінулі ў гэтай жа кватэры — атруціліся чадным газам.
Пасля жыллё засталося Ігару і Сяргею. Абодва браты нідзе афіцыйна не працавалі. Вялі даволі асацыяльны лад жыцця. Нярэдка выпівалі.
Ігар працаваў неафіцыйна, то тут, то там. «На шабашках усякіх», — кажуць яго знаёмыя. Сяргей быў беспрацоўны.
Сяргей Шаціла, старэйшы брат забітага
Абодва браты мелі судзімасці. Старэйшага брата Сяргея судзілі за нясплату аліментаў (раней ён быў жанаты, цяпер даўно ў разводзе). Ігар меў судзімасць за бойку. Яго прызналі вінаватым у нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Выйшаў на волю Ігар каля трох гадоў таму.
Што стала прычынай забойства? дакладна пакуль невядома. Мяркуючы па ўсім — звычайная п’яная сварка.
«Сяргей, старэйшы брат, папрасіў у Ігара тэлефон, на што той адказаў адмовай — на рахунку не было грошай. Слова за слова, браты пасварыліся, і старэйшы задушыў малодшага», — распавялі суседзі парталу Gomel.today.
«Наша Ніва» звязалася з Вікторыяй, каханкай Ігара. Яна версію пра тэлефон абвяргае. Кажа, што Ігар тэлефона ўвогуле не меў з красавіка.
«Яны проста пасварыліся», — кажа жанчына.
Па яе словах, Сяргей ужо прызнаўся ў забойстве. Ён сапраўды пачакаў некалькі дзён у адной кватэры з забітым братам. Пасля разрэзаў труп на некалькі кавалкаў, выкінуў іх у розных месцах.
Цяпер Сяргею Шацілу за забойства брата пагражае ад 6 да 15 гадоў.