Цела трэцякурсніцы маладзечанскага політэхнічнага каледжа Хрысціны Улахно знайшлі каля 8-ай гадзіны вечара. Дзяўчына скончыла жыццё самагубствам, пакуль дома нікога не было. Здарылася гэта пасля таго, як яна ў чарговы раз не здала экзамен.

Хрысціне было 18 гадоў. Яна вучылася па спецыяльнасці «Тэхналогія захоўвання і перапрацоўкі харчовай расліннай сыравіны».

«Наша Ніва» пагаварыла з братам дзяўчыны.

«Яе збіраліся і так адлічыць, але вырашылі памучыць, — упэўнены хлопец. — Яна не здала ўлетку экзамен. Пераздачу перанеслі на восень.

Увогуле, яе не вельмі любілі ў каледжы. Асабліва апошнім часам: Хрысціна пачала рабіць сабе татуіроўкі, выглядала спецыфічна. Яе крытыкавалі і абражалі за знешні выгляд у каледжы.

Часам выкладчыкі прыходзілі да бацькоў, размаўлялі з імі амаль што матам.

І экзамены Хрысціне даводзілася пераздаваць надта ўжо часта. А кожная пераздача платная. У каледжы ёй аднойчы сказалі так: калі на татуіроўкі хапае грошай, то і на пераздачу знойдзеш».

Брат кажа, што ў дзень трагедыі ўсё было нармальна. Дзяўчына была ў добрым гуморы, была ўпэўненая, што экзамен зможа здаць.

«Яна рыхтавалася да пераздачы, таму ішла на экзамен з добрым настроем. Былі планы, што яна разбярэцца з пераздачай, пасля купіць торт і яны дома з мамай і бабуляй яго з’ядуць, — кажа брат Хрысціны. — Калі яна сыходзіла ўсе былі дома, ніхто не заўважыў, што штосьці не так.

Але калі Хрысціна вярнулася пасля экзамену дадому, там не было нікога. Тады яна пазваніла бацькам, бабулі, спытала, калі яны збіраюцца вярнуцца».

Даведаўшыся, што яшчэ некаторы час дома нікога са сваякоў не будзе, Хрысціна здзейсніла суіцыд. Цела дачкі знайшла мама, калі вярнулася дадому ўвечары.

Запіскі Хрысціна не пакінула. Адзінае што, выклала «сторыз» у інстаграме. Напісала «Я прайграла» і «Спакойнай ночы».

У сацсетках у Хрысціны некалькі старонак. Усе пад фэйкавымі імёнамі. Старонкі напоўненыя даволі дэпрэсіўнымі малюнкамі.

Але брат дзяўчыны кажа, што гэта толькі забаўкі.

«Так, кантэнт дэпрэсіўны, і татуіроўкі ў яе былі такія ж. Але ў мазгах у яе такога не было», — запэўнівае хлопец.

«Наша Ніва» пагаварыла з некаторымі аднагрупнікамі Хрысціны. Кажуць, што апошнім часам на яе знешнасць увагі ўжо ніхто і не звяртаў.

Таксама, па словах студэнтаў, экзамен па «Абсталяванні» не здала толькі Хрысціна. Чаму — студэнты не ведаюць.

«Наша Ніва» таксама звязалася з Ганнай Алісейка, выкладчыцай каледжа, якая не прыняла тую злашчасную пераздачу экзамену. Але жанчына катэгарычна адмовілася ад каментароў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру