Шэраг палітычных сілаў, у прыватнасці экс-байцы «Азова», партыі «Свабода», «Еўрапейская салідарнасць», а таксама ветэраны расійска-ўкраінскай вайны ў Дзень абаронцы Украіны выйшлі на марш пад назвай «Не капітуляцыі» ў Кіеве. У акцыі ўзялі ўдзел больш за 12 тысяч чалавек.
Арганізатары акцыі выступаюць супраць Мінскіх пагадненняў, падпісаных у 2015—2016 гадах, якія прадугледжваюць урэгуляванне канфлікту шляхам увядзення асаблівага статусу для Данбаса.
Сярод патрабаванняў удзельнікі маршу называлі забараніць:
— адвод украінскіх войскаў ад лініі размежавання,
— увядзенне асаблівага статусу для «ДНР» і «ЛНР»,
— амністыю баевікам т.зв. «ДНР/ЛНР»,
— стварэнне «народнай міліцыі» т.зв. «ДНР/ЛНР»,
— выбары на акупаваных тэрыторыях без атрымання кантролю над мяжой.
Пасля завяршэння веча на Майдане ўдзельнікі высунуліся да рэзідэнцыі прэзідэнта.
У ходзе веча са сцэны выступалі ветэраны і грамадскія дзеячы. Акрамя патрыятычных лозунгаў, удзельнікі выкрыквалі: «Зяленскі — прэч», «Богдана ў адстаўку», «Перамога» і шэраг іншых.





