Мой старэйшы сын год таму атрымаў атэстат і цяпер вучыцца на другім курсе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Мая сярэдняя дачка сканчае школу сёлета. А меншаму хутка ісці ў садок. Так што я адвучыўся ў школе ўжо тройчы і не без унутранай радасці рыхтуюся да чацвёртага разу. 

Мае дзеці хадзілі ў розныя гімназіі, ліцэі, мне ёсць што супастаўляць.

Класна, што Віктар Пракапеня ўзняў тэму адаптацыі адукацыі да сучаснага свету і новай эканомікі — тым больш пасля высокай нарады. 

Большасць таго, што я чуў пра адукацыю ад высокіх чыноўнікаў, абсалютна адарвана ад рэалій жыцця. Яны не разумеюць, што можна, а чаго немагчыма дабіцца ад сённяшніх дзяцей, сённяшніх бацькоў і сённяшніх педагогаў. У выніку стан адукацыі «на паперы» застаецца адарваны ад стану яго «ў рэчаіснасці». 

У ідэях Пракапені я бачу здаровы сэнс, але бачу таксама некалькі істотных памылак перспектывы.

Чытайце таксама: Пракапеня сфармуляваў 20 прапаноў для школьнай рэформы

1. Гуманітарная адукацыя

Фундаментальная праблема беларускай школы — не ў адсутнасці курсу асноў бізнэсу, а ў поўнай дэградацыі гуманітарных курсаў.

Тэхнічная адукацыя ў нас някепская. А вось у гуманітарнай мы з СССР выйшлі, а нікуды не прыйшлі.

Нядаўна я меў натхняльную сустрэчу ў ПВТ, і з таго, што мяне здзівіла з іх думак: у будучыні ў Парку будуць запатрабаваныя не толькі тэхнары, а ўсё ў большай меры гуманітарыі, бо перамагаць будзе больш крэатыўны.

На жаль, цяперашняя беларуская школа (і нават універсітэты) не гатовая да гэтага выкліку. Яна застаецца заснаванай на зубрэнні, бескрытычным завучванні. Зірніце, які нудны, мінулавечны курс грамадазнаўства мы маем у школе, дзеці засынаюць на гэтым падручніку, лічбуй яго не лічбуй. Там, дзе трэба ўсё грунтаваць на дыспуце, прапануецца завучваць тэрміны і імёны сацыёлагаў.

Без павароту да развіцця ўмення разважаць, крытычна мысліць мы не зможам фарміраваць канкурэнтаздольных у сучасным свеце дзяцей.

Чытайце таксама: «Таварыш Карпенка, а ці вядома Вам, з чаго любімыя Вамі фіны пачыналі?» Адказ настаўніка міністру адукацыі сабраў сотні водгукаў

2. «Ачкаўцірацельства»

Наша цяперашняя школа прывучае дзяцей, з малых гадоў, маніць. Фізкультура, працоўнае навучанне, асновы бяспекі жыццядзейнасці нават у сталічных школах толькі на паперы выкладаюцца, а ў глыбінцы і выкладанне паловы прадметаў ператварылася ў прафанацыю.

Кантрольныя спісваюцца. Школьныя экзамены ператварыліся ў фокус. Дзяцей падпісваюць на газеткі, якіх ніхто не чытае, і запісваюць у арганізацыі, якія ім сто гадоў не патрэбныя. «Галоўнае — рабіць выгляд» — выносяць яны, і бацькам цяжка гэтаму процістаяць.

Дзеці недаатрымоўваюць базавую для перадавых грамадстваў каштоўнасць — сумленнасць.

3. Нацыянальная свядомасць

Пракапеня пра гэта не згадвае, але гэта акурат тая сфера, дзе маем поўны правал.

Пакуль дзеці будуць выходзіць са школы без ведання нацыянальнай мовы і без пашаны да нацыянальных традыцый, мы не збудуем моцнай і стабільнай дзяржавы. Усё будзе перыядычна валіцца, як дом без падмурка.

А ведання нацыянальнай мовы не дасягнуць без павелічэння колькасці прадметаў, якія на ёй выкладаюцца і без змены методыкі яе выкладання — патрэбнае пагружэнне.

Ніводная паспяховая краіна Цэнтральнай і Усходняй Еўропы без гэтага не абышлася.

4. Дашкольная адукацыя

Пракапеня яе не згадвае, а там — базіс. Самі прынцыпы дашкольнай адукацыі адсталі ад жыцця, там застаецца ўсё на прымусе і адной грабёнцы, а жыццё ж і эканоміка ўжо не такія. Але, думаю, і ў дашкольнай сферы таксама нічога не зменіш без росту заробкаў.

5. Сістэма ацэнкі ведаў і вага дыплома

Базавая праблема нашай школы і пагатоў універаў — гэта завышаныя адзнакі. Атэстат тады пачне цаніцца, калі не ўсе яго будуць атрымліваць. Школьныя экзамены тады будуць экзаменамі, калі іх прымаць будуць незалежныя камісіі, па прыкладзе ЦТ. А беларускія дыпломы тады будуць каціравацца, калі іх перастануць выдаваць за сам факт наведвання заняткаў і аплаты за навучанне.

6. Змест, а не форма

Усе горшыя настаўнікі і дырэктары з маёй практыкі выядалі мне і маім дзецям мазгі нейкімі тупымі правіламі: колькі клетачак адступаць, падпісваць сшыткі «вучаніца гімназіі» ці «вучаніца ўстановы адукацыі…» Я трапляю ў фінскую школу: там сядзяць усе як хочуць, пішуць як хочуць, ходзяць куды хочуць, апранаюцца як хочуць, але ж вучацца.

7. Роўны доступ

Спрашчэнне акрэдытацыі для прыватных устаноў не зменіць якасці адукацыі ў цэлым. Я не супраць гэтага, але гэта не бачыцца мне ключавым. Наадварот, калі лібералізаваць прыватнае школьніцтва без зменаў у школьніцтве дзяржаўным, мы рызыкуем стварыць дарагія элітныя школы і несправядлівыя перавагі. Роўны доступ да адукацыі — не загана, а моцны бок беларускай сістэмы, і гэта трэба захаваць. У Амерыцы за гэта змагаюцца, а нам трэба проста гэта не страціць.

8. Заробкі настаўнікаў

Я згодны з Пракапенем, што настаўнікам трэба падняць заробкі. Але я ставіў бы гэты пункт 1-м, а не 11-м. Усе прапановы пра «спонсарскую дапамогу» школам ці стварэння «эксперыментальных школ пры ПВТ» прывядуць да паляпшэння адукацыі абраных, элітнай групы — выпадкова ці мэтава вызначанай, але вузкай.

Без росту заробкаў настаўнікаў як класа ўсе размовы аб паляпшэнні якасці адукацыі ў краіне ў цэлым застануцца размовамі.

Інфармацыі цяпер вакол нас — безліч. Педагог больш не эксклюзіўны носьбіт ведаў, якім ён быў у беларускай вёсцы сярэдзіны ХХ стагоддзя, цяпер яго задача перадусім — навучыць вучыцца, запаліць у дзецях жаданне вучыцца. Калі ў школах не будзе кадраў, здольных да гэтага, то ніякія новыя падручнікі, ніякае аблічбоўванне не дапаможа.

На маю думку, і простае дацягванне заробку педагога да сярэдняга па краіне пасля дзесяцігоддзяў недааплаты не дасць эфекту. Патрэбны распіяраны план вываду заробкаў педагогаў на вышэйшыя за сярэднія. Толькі так мы зможам вярнуць ў школы кадры, зрабіць настаўніцтва модным.

Але ж каб гэтыя грошы знайсці, прыйдзецца іх з бюджэтнага пірага недзе ў іншым месцы выразаць. І пра гэта таксама трэба гаварыць без папулізму.

Чытайце таксама: Андрэй Дынько: Як беларуская адукацыя робіць з падлеткаў прафанатараў

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?