Сёння ў 11.00 у аператыўна-дзяжурную службу паступіла паведамленне ад жыхаркі дома №6 па вул. Яфрэмава ў Гомелі, паведамляе абласная міліцыя.
Гамяльчанка паведаміла, што ёй патэлефанавала невядомая дзяўчына і сказала, што ў доме закладзена выбуховае прыстасаванне.
На месца здарэння выехалі экстранныя службы. Было эвакуявана 50 жыхароў. Супрацоўнікі сапёрна-піратэхнічнай групы вайсковай часці 5525 правялі агляд чатырох пад'ездаў 9-ці павярховага дома. Выбуховую прыладу не знайшлі.
Неўзабаве высветлілася, што 12-гадовая вучаніца адной са школ Добрушскага раёна ўзяла тэлефон у аднакласніцы, набрала выпадковы нумар і паведаміла аб выбуховым прыстасаванні.