Да ўсіх 83 непаўналетніх, якія адбываюць пакаранне паводле 328 артыкула аб распаўсюдзе наркотыкаў, будзе прыменена амністыя. Пра гэта заявіў журналістам палкоўнік міліцыі Генадзь Казакевіч, начальнік галоўнай управы па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, піша Радыё Свабода

Колькі з 83 падлеткаў ужо сёлета выйдзе на волю, а якой частцы тэрмін пакараньня будзе скарочаны на 2 гады, міліцыянт не паведаміў. Паводле Генадзя Казакевіча, амністыю прыменяць да 1600 вязьняў, асуджаных па 328 антынаркатычным артыкуле.

«Ужываюць інструкцыі спецслужбаў з 30-х гадоў»

Генадзь Казакевіч прызнаў, што сёлета за першыя 9 месяцаў году падлеткі здзейсьнілі ўдвая больш злачынстваў, звязаных з наркотыкамі, чым у адпаведны перыяд мінулага года. Прычын гэтаму некалькі, мяркуе палкоўнік Казакевіч. Большасць гэтых падлеткаў былі ўцягнутыя ў распаўсюд наркотыкаў праз інтэрнэт, чвэрць такіх злачынстваў учынена ў складзе арганізаваных групаў, паведаміў міліцыянт.

Пры гэтым Генадзь Казакевіч не пагадзіўся з тлумачэннем, што маладыя людзі ў асноўным становяцца ахвярамі сваёй неінфармаванасці.

«Гэта няпраўда, што яны не разумеюць, куды іх запрашаюць, калі бачаць аб’явы пра добрую працу кур’ерам. У 90% выпадкаў падлеткі добра ўсьведамляюць, што гэта праца «мінёра» і гэта злачынства», — мяркуе палкоўнік Казакевіч.

Паводле міліцыянта, працадаўцы маладых наркадылераў не хаваюць ад іх, што прапануюць ім злачынны бізнэс, але пры гэтым абяцаюць навучыць, як хавацца і пазьбегнуць адказнасьці.

«Нават ужываюць інструкцыі спэцслужбаў 30-х гадоў», — заўважыў палкоўнік міліцыі.

Новы фактар, паводле Казакевіча, — тое, што частка моладзі ставіцца да распаўсюду наркотыкаў «як да бізнэсу», і таму звычайныя прафіляктычныя захады на іх ня дзейнічаюць.

«Ёсьць падлеткі, якія асэнсавана пайшлі на гэтае злачынства, для іх галоўнае — карысьлівы матыў, атрыманьне прыбытку. Мы канстатуем, што для гэтай катэгорыі моладзі звычайныя прафіляктычныя захады ня дзейнічаюць. Цяпер мала павесіць інфармацыю пра адказнасьць у школе ці пагаварыць на гэтую тэму на бацькоўскім сходзе. Словы павінны дайсці, быць зразумелымі», — заўважыў Генадзь Казакевіч.

Міліцыянт прапанаваў працаваць сумесна з актывістамі грамадзкіх арганізацый, у тым ліку з тымі, якія выступаюць за іншыя падыходы ў вырашэньні праблемы наркотыкаў, як рух «Маці 328».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?