Беларускі бок будзе ўдзельнічаць у перапахаванні Кастуся Каліноўскага ў Вільні, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв'ю шэрагу беларускіх СМІ.

Беларускі міністр пакуль не ведае, хто прадставіць Беларусь на перапахаванні, але лічыць, што наша краіна павінна быць прадстаўленая «на высокім узроўні, гэта вельмі важная падзея для гісторыі Беларусі». 

«Каліноўскі належыць гісторыі Беларусі. І Каліноўскі, і Касцюшка, і Дамейка — усе яны належаць нашай гісторыі, — мяркуе Макей. — Не трэба падводзіць старыя палітычныя матывы, якія звязаныя з гэтымі імёнамі, сёння».

«Калі яны жылі на нашай зямлі, зрабілі ўнёсак у нашу гісторыю, то яны належаць Беларусі, не трэба сёння дзяліць, чый ён больш», — сказаў Уладзімір Макей. 

А ці рабіла Міністэрства замежных спраў нешта, каб Каліноўскі ляжаў у беларускай зямлі?

«Беларускім бокам праведзена экспертыза парэшткаў і вынікі вывучаюцца, мы ў кантакце ў літоўцамі, абмяркоўваем правядзенне мерапрыемстваў 22 лістапада», — сказаў Макей.

У той жа час міністр замежных спраў Беларусі выступіў супраць перапахавання Кастуся Каліноўскага ў Беларусі. «Калі чалавек загінуў там, дзе ён знаходзіцца, навошта пераносіць ягоныя косткі? Што мы атрымаем з гэтага? Зянон Пазняк нават выказаўся — ён катэгарычна супраць пераносу парэшткаў, я тут таксама з Пазняком згодны больш, чым з тымі, хто за перанос».

«Калі ж будзе прынята рашэнне аб стварэнні пантэону герояў, то трэба думаць над сістэмным падыходам, каб і Багдановіча з Ялты перанесці», — дадаў міністр. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0