На вуліцы Цюрыха. Фота: Lewin Bormann / wikimedia.org

На вуліцы Цюрыха. Фота: Lewin Bormann / wikimedia.org

У Швейцарыі ў нядзелю, 20 кастрычніка, адбыліся парламенцкія выбары, піша Deutsche Welle.

Паводле папярэдніх неафіцыйных вынікаў, значнага поспеху на выбарах дамагліся абедзве партыі «зялёных» — Партыя «зялёных» Швейцарыі і Партыя «зялёных» лібералаў Швейцарыі. У суме яны атрымалі 20,3% галасоў, што на 8,6% вышэй за вынік на выбарах 2015 года.

Правакансерватыўная Швейцарская народная партыя (ШНП), якая на мінулых выбарах атрымала амаль 30% галасоў, трохі пагоршыла свае паказчыкі — паводле папярэдніх неафіцыйных звестак, яе падтрымалі 26,3% выбаршчыкаў, які прагаласавалі. Аднак ШНП застанецца наймацнейшай партыяй.

Поспехі «зялёных» наўрад ці паўплываюць на расстаноўку сіл ва ўрадзе. У Швейцарыі праўленне ўжо амаль 60 гадоў ажыццяўляецца чатырма амаль роўнымі па велічыні партыямі на аснове кансенсусу. Выканаўчая ўлада належыць Федэральнай радзе, якая складаецца з 7 чальцоў. Пазіцыі той ці іншай партыі ў Федэральнай радзе карэктуюцца толькі пасля значных поспехаў на двух выбарах запар.

Менавіта так было ў выпадку з ШНП, якая атрымала другое месца ў Федэральнай радзе толькі пасля таго, як амаль падвоіла колькасць атрыманых галасоў на двух выбарах у перыяд з 1995 па 2003 год.

Актыўнасць выбаршчыкаў на выбарах у апошні час складала менш за 50%. Палітолагі тлумачаць гэта тым, што швейцарцы маюць права ўдзельнічаць у галасаваннях і рэферэндумах не менш як чатыры разы ў год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0