Фота з фэйсбука Андруся Храпавіцкага.

Фота з фэйсбука Андруся Храпавіцкага.

Пётра Рудкоўскі напісаў добры тэкст пра ПЭН, нагадаўшы тым сярод нас, хто лічыць сябе лібераламі, пра (амаль) забытыя (намі) прынцыпы лібералізму. Ну ці «класічнага лібералізму», як яго яшчэ называюць, бо каторы некласічны, маўляў, зламаўся. Touché, my friend, touché…

Прынцыпаў гэтых можа быць і больш. Альбо менш. Лібералы да спісаў з прынцыпамі падыходзяць даволі ліберальна.

Напрыклад, я б дадаў да гэтага спісу некалькі важных момантаў для сябе:

1) Па першым пункце. Там, дзе пра крытычнае мысленне. У ангельскай мове ёсць вельмі добрае слова «reason», якое перакладаюць абсалютна па-рознаму. Найбліжэй, напэўна, «рацыянальнасць» ну ці добрыя беларускія словы «рацыя» і «розум». Працытую на гэты конт Стывена Пінкера:

«Кожны раз, калі ў размове ці спрэчцы мы абгрунтоўваем свой пункт гледжання, абапіраючыся на перакананні, якія адпавядаюць стандартам лагічных або навуковых тлумачэнняў, мы выкарыстоўваем розум у значэнні, якое ў яго ўкладвалі мысляры эпохі Асветніцтва. Калі ў гэтых мысляроў і было нешта агульнае, дык гэта патрабаванне няўхільна прытрымлівацца стандартаў рацыяналізму ў тлумачэнні светабудовы і не грунтавацца на зманах, генератарамі якіх ёсць вера, догма, аўтарытэт, харызма, містыцызм, варажба, інтуіцыя або інтэрпрэтацыя святых пісанняў».

Менавіта ў такім ключы я б глядзеў на першы пункт. Магчыма, дарэчным выразнікам гэтага прынцыпу будзе слова «недагматычнасць».

2. Другі важны пункт — навука. Менавіта праз гэтую прызму кшталтуецца (ну ці павінен кшталтавацца) ліберальны светацям. Чалавецтва знаходзіцца ў пастаянным пошуку найлепшых тлумачэнняў рэальнасці, верыфікацыі тэорыяў і гіпотэзаў. «Часовы кансэнсус», піша Пётра Рудкоўскі. Усё так. Але нельга яго недаацэньваць. Так існуе шмат канспіралагічных тэорыяў наконт кліматалогіі, а часам проста банальнае неразуменне, якім чынам гэты навуковы кансэнсус фармуецца. Яго вельмі складана дасягнуць. І калі ёсць штосьці, што з'яўляецца альбо нават набліжаецца да навуковага кансэнсусу, палітыкі павінны ўспрымаць гэта сур’ёзна.

І тут хачу вярнуцца да недагматычнасці. Калі мы бачым, што пэўны прынцып таго самага лібералізму супярэчыць навуцы, варта задумацца, ці не павінен гэты прынцып быць зменены і адаптаваны згодна з найлепшымі тлумачэннямі рэальнасці, якія мы маем. Так, раней вельмі важным лічыўся прынцып свабоды волі. За ейнае адмаўленне Рудкоўскі моцна крытыкуе Харары. Але што, калі праз некаторы час навуковыя даследванні дадуць дэфінітыўны, верыфікаваны адказ на гэтае пытанне? Ці гэта будзе цвік у труну лібералізму? Зусім не.

3. Быў прыемна здзіўлены, пабачыўшы сярод пунктаў Рудкоўскага аб’ектыўную праўду. Гэта вельмі важны пункт. Ён цесна павязаны з першымі двума. Ідэі з найлепшымі шанцамі застацца на доўгія-доўгія стагоддзі — гэта тое, што Дэйвід Дойч называе «глыбокімі ісцінамі». Гэта тыя ісціны, якія маюць аб’ектыўныя прычыны перадавацца з пакалення ў пакаленне. Так законы Ньютана карысныя і для пабудовы Чырвонага касцёла, так і для канструкцыі Палаца Рэспублікі, офісаў EPAM і шмат чаго іншага. Ёсць аб’ектыўныя прычыны, па якіх гэтыя законы перадаюцца нашчадкам рознымі народамі і культурамі і становяцца доўгатрывалымі мемамі. Фальшывыя ідэі адміраюць, замяняюцца іншымі. Але любыя ідэі мусяць падлягаць крытыцы і аналізу. А таксама сатыры. Асабліва, калі той ці іншы шкоднасны мем засеў у галовах многіх людзей. Гумар умацоўвае дэмакратыю. Гэта яшчэ старажытныя грэкі разумелі.

Пра «крытычны дуалізм». У Попера гэта азначае тое, што мы — людзі, а не Бог ці нейкая вышэйшая сіла — усталёўваем нормы і правілы, паводле якіх мы жывём. Прырода, космас складаецца з «фактаў», але мы ўсталёваем стандарты і нормы, якія не знойдзеш у прыродзе. Але ўсталёваючы гэтыя нормы, калі мы дбаем пра іх трываласць, мы звяртаем увагу на факты. Асэнсоўваючы фізічныя законы (факты прыроды), мы можам прыняць больш рацыянальнае рашэнне. Я б сказаў, што не толькі факты прыроды. Важна, ці тое, што мы робім, заснавана на мане (ну ці «аўтарскай інтэрпрэтацыі фактаў), альбо на рэальных звестках, падмацаваных верыфікуемымі дадзенымі. Такія рашэнні маюць куды больш грунту і трываласці, чым тыя, якія асноўваюцца на мане і нейкіх хібных уяўленнях пра свет.

Некаторыя філосафы, напрыклад Парфіт, Сінгер, Сіджвік, пісалі пра аб’ектыўную праўду і ў кантэксце маралі. А Харыс пісаў таксама пра навуку (у тым ліку і філасофію) як сродак, які можа дапамагчы дасягнуць прагрэсу ў галіне секулярнай этыкі. Спрэчна, так, але штосьці ў гэтых развагах ёсць.

4. Гуманізм. Гэта пераклікаецца з індывідуалізмам у Рудкоўскага. Чалавецтва прайшло праз стагоддзі рэлігійных войнаў і таталітарных ідэалогіяў (імхо, той жа камунізм мала чым адрозніваецца ад рэлігійнага культу). Ёсць вострая патрэба ў свецкім падмурку маральнасці. Гуманізм ставіць на першае месца дабрабыт чалавекаяк асобы, індывіда. Людзі, а не групы адчуваюць боль і пакуты. Змяншаць пакуты жывых людзей, а таксама дбаць пра будучыя пакаленні — гэта тая маральная адказнасць, якая ляжыць на кожным прыхільніку гуманізму. Куды меншае значэнне грае племя, раса, нацыя ці рэлігія. У гэтым кантэксце скажу крамолу, але мне гэтая валтузня вакол «сакральных костак» трошкі напружвае. Праўда, Каліноўскі — гэта сімвал змагання за свабоду. А гэта таксама важны элемент гуманізму. Свабода ад гнёту, аўтарытарызму, традыцыі і г.д. Гэта таксама ўшанаванне памяці, хоць гэтая тэма падаецца занядбанай секулярнымі маральнымі філосафамі.

5. Прагрэс. Гэты пункт стаў амаль што лаянкай для тых, хто не любіць лібералізм. Але што мяне даўно напружвае ў кансерватараў і радыкальных левых, дык гэта нейкае дзіўнае перакананне, што ўсё коціцца ўніз, што надышла эпоха «пост-праўды», што «раней было лепш». Не было. Прычым нават у Беларусі. Калі паглядзець на ўсю гісторыю, ніколі не было лепшага часу, чым цяпер. «Адраджэнне» ў назве нацыянальнага руху ўжо спрабавалі. Не пракаціла. Думаць трэба пра візіі будучыні, а не змагацца за тое, каму належыць Вільня і Каліноўскі. Гісторыю трэба ведаць і памятаць. Але хутчэй, як менанізм карэкцыі курсу, каб не наступаць на тыя самыя граблі, а таксама каб быць больш асцярожнымі што да радыкальных парываў, як злева, так і справа. Далейшы прагрэс — гэта вельмі важна. Яго трэба вітаць. Але не бяздумна, а добра разважыўшы, якія наступствы будуць мець тыя ці іншыя нашыя дзеянні на наша жыццё, а таксама на жыцці пакаленняў, якія прыйдуць пасля нас.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?