Гурт VOLSKI прэзентаваў кліп на песню «Зіма» з альбома «Гравітацыя» (2019).

Лявон Вольскі піша:

«Я ведаў папярэднія работы Святланы Казлоўскай, але кліп на гэтую песню стаўся для мяне нечаканасцю. Яна стварыла вельмі канкрэтныя й дакладныя вобразы. Тое, што адлюстравана ў кліпе +- як ні дзіўна, нашае звыклае тло для жыцця, тое, што мы навучыліся старанна не заўважаць. Гэта сапраўдная зіма ў «краіне светлага заўтра», зіма, якая расцягнулася на дзесяцігоддзі».

Сама рэжысёр кажа пра кліп так:

«Знаёмая горыч зімы ў краіне, дзе вясна не надыходзіць ужо дваццаць пяць гадоў. Усё менш дзейнічаем, менш гаворым, менш спрачаемся - страшна губляць рэшту цяпла ды розуму. Засвоілі, што Дзед Мароз ня сыдзе, «вы самі ўсё разумееце», ды паслухмяна водзім карагоды. Але гадуюцца дзеці, пачынаюць спадзявацца - выштурхнуцца за мяжу, не пашкодзіцца, не прасякнуцца, не глядзець у вочы бяздомным людзям ды сабакам, не люстраваць нашую прыгнечанасць, сорам і крыўду. Самі таксама - бокам, хутчэй да батарэяў, слухаць Вольскага ды прыгадваць Вівальдзі пра іншыя часы году. Неяк дазімуем».

Ужо заўтра гурт VOLSKI стартуе з туравай праграмай па беларускіх гарадах. Распачнецца ён канцэртам у Магілёве (2.11).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0