Найлепшыя шматсерыйныя стужкі, якія можна ўбачыць у апошні месяц восені. У нашым спісе будуць як прэм’еры, так і серыялы, якія вяртаюцца ў эфір пасля перапынку.

«Карона» (The Crown)

Драма, біяграфія. ЗША, Вялікабрытанія, 3-і сезон

Гісторыя жыцця каралевы Вялікабрытаніі Лізаветы ІІ. Перад гэтым заходнія кінематаграфісты знялі баёпік пра жыццё каралевы Вікторыі.

Цікава параўнаць паводзіны гэтых асоб. Вікторыя з малых гадоў чакала смерці свайго дзядзькі Вільгельма ІV, каб узысці на трон. Для Лізаветы сыход яе бацькі Георга VI быў нечаканы. Яна не рыхтавала сябе да кароны.

Тайныя спружыны палаца, інтрыгі і перашкоды, з якімі сутыкалася каралева на сваім шляху, — усё гэта ў «Кароне». Вельмі цікавая роля мужа каралевы — герцага Філіпа (каб ажаніцца, ён адмовіўся ад грэцкага праваслаўя на карысць англіканства). Гэта сапраўды цяжкая ноша — быць у ценю сваёй жонкі, заставацца на другіх ролях. Можа, таму Філіп не заўсёды паказаны ў прывабным святле.

У год прэм’еры «Карона» сабрала вялікую колькасць «Залатых глобусаў». Гэта і найлепшы драматычны серыял года, і Клэр Фой у ролі Лізаветы — найлепшая жаночая роля. А яшчэ Джон Літгоу геніяльна выканаў ролю непараўнальнага Уінстана Чэрчыля. У серыяле хапае і любові, і палітыкі.

«Канец ё…га свету» (The End Of The F***ing World)

Драма, камедыя. Вялікабрытанія, 2-і сезон

Джэймсу сямнаццаць гадоў. У дзяцінстве ён бачыў, як жыццё суіцыдам скончыла яго мама. Хлопец лічыць сябе псіхапатам, ні з кім не сябруе, а яго хобі — забіваць маленькіх звяркоў. Ягоная мара: перайсці на новы ўзровень і паспрабаваць забіць чалавека. І тут яму падварочваецца аднагодка Аліса. Яна крыху шалёная, распешчаная і абсалютна няшчасная. Дзяўчына прапануе Джэймсу раман, той пагаджаецца, хоць не адчувае ніякіх пачуццяў. Проста шукае ўдалы момант для забойства. У адзін цудоўны дзень юнакі проста ўцякаюць з дому на машыне бацькі Джэймса.

Гэта такая чорна-цынічная камедыя пра падлеткавую любоў дваіх мізантропаў. Яна дзіўная і мала зразумелая, але хіба нешта павінна быць відавочным? Тут не будзе ружовых саплей і «жылі доўга і шчасліва». Калі гатовыя да трайной порцыі фірмовага брытанскага гумару, то вам сюды.

«Сараматнікі» (Shameless)

Камедыя, драма. ЗША, 10-ы сезон

Гэта ўжо, мабыць, серыяльная класіка. Галоўны герой — Фрэнсіс «Фрэнк» Галагер, алкаголік, нягоднік і дармаед. А да ўсяго гэтага Галагер — бацька-адзіночка, у якога шасцёра дзяцей, якімі бацьку, ясная справа, зусім няма часу займацца. «Сараматнікі» — гэта такая жорсткая гарадская драма сучаснасці. І адначасова нагадванне, што ЗША — гэта не толькі сафіты Галівуда, офісы Нью-Ёрку і пляжы Санта-Барбары. Для многіх і там жыццё — гэта суцэльнае выжыванне, барацьба за кавалак хлеба, алкаголь і не самы сістэмны сэкс. Разам з тым, глядзець за прыгодамі сям’і Галагераў вельмі весела і пакуль яшчэ не стамляе.

«Цёмныя пачаткі» (His Dark Materials)

Фэнтэзі, прыгоды. Вялікабрытанія, ЗША, 1-ы сезон

Фільм зняты паводле трылогіі брытанскага фантаста Філіпа Пулмана. Гэта кніга выходзіла ў адзін час з «Гары Потэрам», але набыла ўсё ж меншую вядомасць, хаця патэнцыял для кіна-бомбы тут відавочны.

У цэнтры аповеду дзяўчына Ліра, якая жыве ў Оксфардзе, цалкам пагружаная ў вучобу. Яе жыццё мяняюць падарожжы: спачатку — у Лондан, а потым — на Паўночны полюс. У фільме будуць паралельныя светы, браніраваныя мядзведзі, вядзьмаркі і цыганскія табары. Крытыкі перакананыя, што серыялу наканаваны вялікі поспех.

«Дзеля ўсяго чалавецтва» (For All Mankind)

Фантастыка, драма. ЗША, 1-ы сезон

1 лістапада Apple запусціў сваю ўласную стрымінгагавую платформу. І стартуюць яны цэлым шэрагам серыялаў.

Гэта альтэрнатыўная гісторыя (аматарам нагадаем, што ў гэтым месяцы выходзіць апошні сезон «Чалавека ў высокім замку»). Што было б, калі геніяльны савецкі канструктар Сяргей Каралёў не памёр на аперацыйным стале ў 1966? У серыяле кажуць, што тады першыя крокі на Месяцы зрабіў бы не Ніл Армстранг, а савецкі касманаўт Аляксей Леонаў. І пачулі мы ад Леонава не пра «маленькі крок чалавека», а пра запаветы Леніна. І гэта ўсё падштурхне амерыканцаў да яшчэ больш інтэнсіўнай касмічнай праграмы, што адаб’ецца на якасці жыцця ўсяго чалавецтва.

Глядзі таксама:

Пяць серыялаў, якія варта паглядзець у кастрычніку

Пяць серыялаў, якія варта паглядзець у верасні

Пяць серыялаў, якія варта паглядзець у жніўні

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?