Тэлеграм-блогер Сцяпан Пуціла, больш вядомы як Нехта, здзівіў беларускую грамадскасць заклікам далучыцца да перадвыбарчых пікетаў кандытатаў у дэпутаты 8 лістапада на Плошчы Свабоды ў Мінску.
Фота: Эдуард Жолуд, radyjo.net
«Наша Ніва» распытала Сцяпана пра ініцыятыву. Ён запэўнівае, што гэта асабістая ідэя.
«Гэта вынік сотняў пытанняў людзей у сацсетках, асабістых паведамленнях кшталту «а што рабіць далей?». Патрэбныя канкрэтныя прапановы, і першая — сустрэцца ўсім разам, каб разам абмеркаваць. Вядома, правядзенне сустрэчы было б немагчымым, калі б не дамоўленасць з кандыдатамі ў дэпутаты, якім перадвыбарчае заканадаўства дазваляе праводзіць легальныя сустрэчы з выбарцамі. Заклікаць на несанкцыянаваную акцыю я б не стаў, бо паважаю сваіх падпісантаў. Кандыдатам — вялікі дзякуй за дапамогу i легальны статус акцыi», — сказаў блогер.
Ён не хоча называць імёны кандыдатаў у дэпутаты, але кажа, што тых, хто пагадзіўся — з дзясятак.
Сам Сцяпан, які жыве ў Варшаве, на пікет ў Мінску не прыедзе. «Калі я прыеду, мяне чакаюць 5 артыкулаў крымінальнага кодэксу, ад абразы Лукашэнкі і экстрэмізму да дыскрэдытацыі Беларусі і шпіянажу. Так сабе перспектыва. Мне здаецца, я на волі больш карысны», — тлумачыць ён, але абяцае прысутнічаць «у нейкай форме».
Праграмы мерапрыемства пакуль няма.





