Наталля Адамовіч са скульптарам Гэнікам Лойкам ля бюста Алеся Адамовіча.

Наталля Адамовіч са скульптарам Гэнікам Лойкам ля бюста Алеся Адамовіча.

Бюст Алеся Адамовіча (1927—1994) паўстаў ля дома культуры ў пасёлку Глуша, дзе Адамовіч вырас і дзе ён пахаваны, паведамляе Svaboda.org. Помнік каштаваў 13 тысяч рублёў, якія былі сабраныя па ініцыятыве жыхара Бабруйска Андрэя Архіпенкі. Яго аўтары — скульптары Гэнік Лойка і Яўген Білей.

9 лістапада ў Глушу, што за 20 кіламетраў ад Бабруйска, сабраліся родныя і землякі Адамовіча, а таксама людзі з Бабруйска, Магілёва, Мінска, кіраўнікі Бабруйскага райвыканкама.

Дачка пісьменніка Наталля Адамовіч каля бюста расплакалася.

Старшыня Глушанскага сельсавета Марыя Сушчанка, Наталля Адамовіч плача, а справа — ініцыятар усталявання бюста Андрэй Архіпенка.

Старшыня Глушанскага сельсавета Марыя Сушчанка, Наталля Адамовіч плача, а справа — ініцыятар усталявання бюста Андрэй Архіпенка.

«Гэта заслуга моладзі, якая сабрала грошы і дамаглася ўсталявання помніка, — кажа Наталля Адамовіч. — Я дапамагала парадамі і фотаздымкамі. Я рада, што ёсць у нас такая моладзь. Можа з ёй і да адкрыцця музея дойдзем. Сёлета 25 гадоў як няма майго таты і так выйшла, што ў гэты год з'явіўся ў ягонай роднай Глушы ягоны бюст».

Андрусь Архіпенка адзначае, што ажыццявіць задуманае без падтрымкі Глушанскага сельскага савета не ўдалося б.

Начальнік аддзела ідэалагічнай працы Бабруйскага райвыканкама Галіна Чарнова лічыць, што лепшага месца для бюста Адамовіча, чым пляцоўка ля Дома культуры, у пасёлку няма. «Я шчаслівая, што стаіць гэты бюст», — сказала яна.

Па словах Галіны Чарновай пытанне пра стварэнне музея застаецца актуальнае, але на дабрачынным рахунку, адкрытым у 2016 годзе, сабрана замала грошай, каб адрамантаваць аварыйны будынак. Паводле чыноўніцы, цяпер прапрацоўваецца варыянт размяшчэньня ў Доме культуры экспазіцыі пра жыццё і творчасць Алеся Адамовіча.

На рамонт старой аптэкі, дзе мяркуецца размясціць музей Адамовіча, 5000 даляраў ахвяравала Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч. Але гэта толькі дзясятая частка патрэбных на рамонт сродкаў. У той аптэцы працавала маці Алеся Адамовіча. Хата ж, дзе Адамовіч нарадзіўся, згарэла ў вайну.

Старшыня Глушанскага сельскага савета Марыя Сушчанка называе бюст Адамовіча «народным помнікам». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?