Раніцай 11 лістапада некалькі соцень студэнтаў прыватнага Мінскага інавацыйнага ўніверсітэта сабраліся на акцыю пратэсту. Хлопцы і дзяўчаты абурыліся тым, што ўніверсітэту не працягнулі акрэдытацыю і ўсё ідзе да таго, што давучвацца студэнты МІУ будуць у іншых ВНУ.

Акцыю пратэсту зладзілі самі студэнты. Яны папярэдзілі пра гэта рэктара Мікалая Сушу.

«Наша Ніва» звязалася са студэнтам Фёдарам Багданавым, які фактычна і стаў арганізатарам забастоўкі.

Фёдар Багданаў.

Фёдар Багданаў.

Багданаў вучыцца на чацвёртым курсе — факультэт камунікацый і права, спецыяльнасць «правазнаўства». Чацвёрты курс — апошні, вясною Багданаву трэба пісаць дыплом.

«Я стараста групы, адпаведна, узаемадзейнічаю з дэканатам. І вось я даведаўся ў дэканаце, што МІУ не працягваюць акрэдытацыю.

Я напісаў у чат сваёй групы, што мы збіраемся на забастоўку, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю, што несправядліва, на нашу думку, закрываюць універсітэт. Я бачыў дакумент у дэканаце — падставы, на якіх універсітэт не акрэдытоўваюць, у дакуменце не ўказаныя.

Я папрасіў пераслаць гэтае паведамленне студэнтам іншых груп, — кажа Фёдар. — Далей яго пачалі перасылаць, і гэта ўжо не я раскручваў. Пасля яно само распаўсюдзілася далей, трапіла і да Нехты, і ў Тутбай…»

Ён настойвае: забастоўка — ініцыятыва студэнтаў. Яны самі арганізавалі яе, гэта не загад ці просьба адміністрацыі МІУ.

«Гэта я заклікаў студэнтаў сабрацца. Усе адгукнуліся, я нават сам здзівіўся, што столькі чалавек падтрымала. Было чалавек 600, напэўна. Можа, і больш», — кажа Багданаў.

Плакаты, якія студэнты малявалі, таксама прыдумалі яны самі.

«Калі абмяркоўвалі плакаты, я сказаў: агучвайце тое, што вы хочаце агучыць», — тлумачыць Фёдар.

На адным з плакатаў надпіс «МІУ не прайшоў акрэдытацыю ці ідэалогія не тая?». Гэты плакат маляваў уласнаручна Багданаў.

«Тут справа нават не ў ідэалогіі МІУ. Проста… У нас міністр адукацыі ў Беларусі — ідэолаг і камуніст, разумееце? І цікава даведацца: мы сапраўды не прайшлі акрэдытацыю ці, можа, не падышлі па ідэалогіі? Я меў на ўвазе гэты сэнс, — расказвае Багданаў. —

Мне персанальна падалося, што праблема не ў якасці ведаў студэнтаў. Кантроль адукацыі прыязджаў да нас з камісіяй, і я ведаю, што студэнты паказалі добрыя вынікі. Таму тут, напэўна, прычына ідэалагічная, іншай я проста не бачу.

Бо наша ВНУ не дзяржаўная. Шмат якія могуць узнікнуць пытанні. Мо вырашылі, што калі ты не дзяржаўны, то ты і не лаяльны? Хаця сам я аніякай нелаяльнасці ў нашай ВНУ ніколі не заўважаў.

Адзінае, што ў нас ніколі не было прымусаў. Нас не зганяюць на мерапрыемствы, не прымушаюць хадзіць на хакей. У нас не ставяць залік за тое, што ты схадзіў на штосьці ў якасці масоўкі. У нас увогуле няма залікаў аўтаматам.

Нават я ўдзельнічаў у алімпіядзе па філасофіі — мне паставілі 10 балаў, але ж давялося пасля, як і іншым, здаваць экзамен. А ўсе экзамены ў нас здаюць на камп’ютары — залік «за прыгожыя вочы» ў нас таксама не ставяць».

Фёдар кажа, што агулам у МІУ вучыцца 1670 чалавек. Спецыяльнасцяў шмат, акрэдытацыю не працягваюць толькі ў 5 спецыяльнасцяў. Але ж менавіта на гэтых спецыяльнасцях вучыцца абсалютная большасць студэнтаў, 1600 чалавек. То-бок калі акрэдытацыю сапраўды адбяруць, у МІУ застанецца 70 студэнтаў.

«Галоўная бяда — мы не ведаем, чаму не працягваюць акрэдытацыю. Як кажа дэкан, у дакуменце ўказана проста, што «падстаў працягнуць акрэдытацыю няма». Вядома, што ў камісіі былі прэтэнзіі да папяровай бібліятэкі: маўляў, у нас не хапае адпаведнай літаратуры. Але ў нас ёсць электронная бібліятэка, дзе можна знайсці ўсе патрэбныя выданні. Таму тут праблемы я таксама не бачу», — дзеліцца думкамі Фёдар Багданаў.

Аплата навучання ў МІУ меншая, чым у дзяржаўных ВНУ, кажа Багданаў. Ён ужо аплаціў вучобу за ўвесь год.

Але ж як будзе вырашацца грашовае пытанне, калі студэнтам прыйдзецца пераводзіцца ў іншыя ВНУ? МІУ будзе вяртаць грошы?

Багданаў кажа, што адказу на гэтае пытанне пакуль няма.

«Я не ведаю, што будзе з грашыма. Міністр адукацыі нібыта сказаў, што ўсіх студэнтаў перавядуць, хай яны не перажываюць. Але ж нашы студэнты не хочуць нікуды пераводзіцца. Прыйдзецца ж пераздаваць акадэмічную розніцу, гэта значыць зноў здаваць экзамены, якія ўжо здавалі ў МІУ, — тлумачыць Фёдар Багданаў. — Але калі б не трэба было здаваць акадэмічную розніцу, то я б усё роўна быў супраць пераводу ў іншы ўніверсітэт. Мне падабаецца МІУ, тут добры калектыў, добрае навучанне, я прыходжу сюды з задавальненнем. Тут я бачу, куды ідуць мае грошы: чысты двор, стадыён, камп’ютар і мікрафоны ў кожнай аўдыторыі, тры кавярні, сталовая… Умовы еўрапейскія, на маю думку. Студэнтам тут падабаецца».

Спачатку студэнты збіраліся баставаць бестэрмінова. Пазней памянялі рашэнне.

«Вырашылі, што заняткі працягваюцца, універсітэт функцыянуе. Студэнты будуць спакойна хадзіць на пары. А старасты атрымалі дазвол на свабоднае наведванне, бо мы будзем складаць петыцыю. Можа быць, накіруем яе ў Мінадукацыі… Пакуль дакладна не скажу нават пра змест петыцыі, бо яе складаюць самі студэнты, усё гэта будзе яшчэ абмяркоўвацца, — кажа Багданаў. — Таксама ВНУ падае апеляцыю, каб кантроль якасці адукацыі пераглядзеў сваё рашэнне аб адмене нашай акрэдытацыі. Калі ўсё будзе добра — то добра. Калі не — то будзем думаць, што рабіць далей».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?