president.gov.by

president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка 14 лістапада прыняў з дакладам старшыню Дзяржпагранкамітэта Анатоля Лапо і дзяржсакратара Рады бяспекі Станіслава Зася аб узаемадзеянні Беларусі і Расіі ў памежных пытаннях, паведамляе прэс-служба.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што паміж памежнікамі Беларусі і Расіі праблем няма, паміж ваеннымі і транспартнікамі таксама ўсё гладка, але калі ўсе пытанні выводзяцца на ўрадавы ўзровень, раптам з'яўляецца куча пытанняў.

«Як вынік, нас пастаянна папракаюць: «Мы ледзь не ўтрымліваем Беларусь. Яна абрынецца, калі мы яе не будзем датаваць, утрымліваць». Трэба палічыць, чаго нам каштуе абарона сумеснай мяжы. Нагадаць ім пра сістэму супрацьпаветранай абароны: яны доўга прасілі мяне, каб мы зрабілі яе сумесна. Ад Балтыкі да Чорнага мора мы сёння працуем на Расійскую Федэрацыю. Гэта таксама грошай каштуе, і не толькі грошай. і мы ўсё роўна нахлебнікі», — абурыўся ён.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што цяпер Беларусь і Расія вядуць перамовы па паглыбленні інтэграцыі. Паводле яго слоў, усе пытанні, якія ўзнікаюць неабходна «звесці, пакласці на стол і паказаць: старэйшыя браты-расіяне, вы паглядзіце, якія паслугі мы вам аказваем, і гэта нятанна». Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што нядаўна Беларусь за свае грошы закупіла ў Расіі самалёты Су-30см. «Але мы ж выконваем і функцыі абароны на гэтым напрамку Расійскай Федэрацыі, народа Расіі. Дык чаму нам не дапамагчы? Чаму не паставіць сучасную зброю? Мы ўмеем ёй карыстацца не горш, чым расіяне, але плацім за гэта каласальныя грошы.

Я не да таго, што мы не будзем выконваць свае функцыі. Я да таго, што не трэба вякаць у сродках масавай інфармацыі і нават ужо на дзяржаўным узроўні, што беларусы — гіры на нагах», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Таму трэба ўсе гэтыя пытанні зводзіць на ўзроўні ўрада і на стол: вось, мы дапамагаем. І каб расійскае грамадства ведала і разумела, што ніякія беларусы не нахлебнікі, што рускаму чалавеку, расіяніну, у Беларусі не горш, чым у Расіі. Давайце прама казаць: лепш, чым у Расіі. І яны гэта адзначаюць, — сказаў ён. — Таму, калі расійскае кіраўніцтва гатовае ў гэтым кірунку дзейнічаць, тады давайце будзем з імі заключаць новы дагавор па абароне нашых межаў.

Калі расіяне не хочуць гэтага, тады нам трэба быць гатовымі, як мы і працуем зараз, дзейнічаць, абараняючы свае інтарэсы ад імя Рэспублікі Беларусь, у адзіночку.

Усе гэтыя пытанні павінны быць адкрытыя, сумленныя і абмяркоўвацца на перамовах з кіраўніцтвам Расійскім Федэрацыі, у дадзеным выпадку з памежным ведамствам».

Беларусь і Расія раней ужо прапрацавалі далейшыя крокі па сумеснай абароне межаў. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, якіх дамоўленасцей дасягнулі бакі і якія прапановы Дзяржпагранкамітэта з нагоды далейшага лёсу дагавора аб ахове знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0