Школьнік Іларыён Т. папярэджаны камісіяй па справах непаўналетніх Маскоўскага раёну Менску за ўдзел у акцыі, якая прайшла на плошчы Свабоды 6 кастрычніка. Тады ў цэнтры Менску Мікалай Статкевіч правёў у межах перадвыбарчага пікета сустрэчу ў абарону незалежнасьці. За ўдзел у пікеце пакуль ніхто ня быў пакараны, піша Радыё Свабода.

Іларыён Т. вучыцца ў 10 клясе. Для непаўналетняга актывіста гэта другое за год пакараньне. Разгляду чакае яшчэ адзін складзены на яго пратакол, ад 3 лістапада, нібыта за хуліганства каля рэстарацыі ў Курапатах. Калі камісія па справах непаўналетніх будзе разглядаць гэты пратакол, Іларыёну Т. пакуль не паведамілі.

«Мяне палохаюць, што калі ня выпраўлюся, забяруць зь сям’і і адправяць у спэцшколу ў Магілёў. Колькі для гэтага трэба «назьбіраць» пакараньняў, ня кажуць, што яшчэ горш, бо ўвесь час пачуцьцё, нібыта вісіш на валаску. Новае папярэджаньне буду абскарджваць, як і ранейшыя», — сказаў Свабодзе Іларыён Т.

Пры разглядзе пратаколу Іларыён Т. даводзіў камісіі, што ўдзельнічаў ня ў масавай акцыі, на якую патрэбны дазвол гарадзкіх уладаў, а ў сустрэчы з выбарцамі.

«Паводле выбарчага кодэксу такія пікеты не патрабуюць узгадненьня, калі праводзяцца ў месцах, згодных з законам. На пікеце ніхто зь міліцыянтаў не папярэджваў, што мы бяром удзел у нечым незаконным, нікога не затрымлівалі і не складалі пратаколаў. Пратакол на мяне даслалі пазьней», — сказаў юнак выканаўцы абавязкаў старшыні камісіі Сьвятлане Кудзінай ды іншым сябрам камісіі. У выніку камісія па справах непаўналетніх Маскоўскага раёну вынесла Іларыёну Т. папярэджаньне менавіта за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі.

«Чаму абралі для пакараньня менавіта мяне? На іншых не націсьнеш, а мяне спадзяюцца яшчэ адштурхнуць ад «актывізму». Гэтак і казалі: «Навошта табе Курапаты? Яны табе непатрэбныя»».

Разам зь юнаком на паседжаньне камісіі па справах непаўналетніх была выкліканая маці Іларыёна Вольга Т. На жанчыну быў складзены пратакол за неналежнае выкананьне бацькоўскіх абавязкаў. Пасьля вывучэньня справы і пярэчаньняў адваката справу маці актывіста камісія адправіла ў міліцыю на дапрацоўку.

Такія камісіі дзейнічаюць пры выканаўчых органах мясцовай улады, звычайна іх узначальваюць намесьнікі старшыняў райвыканкамаў, а ўваходзяць у камісіі чыноўнікі, пэдагогі, міліцыянты, прадстаўнікі праўладных грамадзкіх арганізацый. У кампэтэнцыі камісіі па справах непаўналетніх — разглядаць справы непаўналетніх парушальнікаў Адміністрацыйнага кодэксу, выносіць папярэджаньні, штрафаваць і нават хадайнічаць перад судом аб накіраваньні юнакоў у спэцустанову. Паседжаньні камісій павінны праходзіць адкрыта.

На паседжаньне, дзе разглядалася справа абаронцы Курапат Іларыёна Т., назіральнікаў пусьцілі, але забаранілі фота- і відэаздымку, спрабавалі забараніць аўдыёзапіс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?