«Працы няма, бо ў нас проста няма столькі самалётаў і верталётаў, каб рамантаваць»

Зміцер з горада Барань, што за 7 кіламетраў ад Оршы. Жыве адзін — бацькі яго памерлі (таты не стала ў 2017-м, мамы — чатыры месяцы таму).

Хлопец вучыўся ў Горацкай сельгасакадэміі, але кінуў, так і не скончыўшы.

«Тады бачыліся перспектывы: дзейнічала праграма развіцця вёскі, зусім іншае жыццё было, — тлумачыць Зміцер, чаму паступіў на сельгаспрофіль. — Бацька працаваў у агракамбінаце «Вусце», там, дзе эксперыментальная база льнаводства. Казаў: давай заканчвай, туды пойдзеш. Потым сітуацыя змянілася кардынальна. Скончыўся план падтрымкі вёскі, бацька перайшоў працаваць у цепласеткі. А я зразумеў на трэцім курсе, што сельская гаспадарка — гэта не маё. Таму вырашыў не заканчваць акадэмію. А цяпер, калі заняўся палітычнай дзейнасцю, мне проста няма сэнсу аднаўляцца: пры першым жа мітынгу адлічаць зноў».

Палітыкай мужчына раней не займаўся — проста вучыўся, працаваў. Пасля акадэміі ён уладкаваўся на Аршанскі авіярамонтны завод, паўгода быў там транспарціроўшчыкам у аддзеле авіятэхнічнага забеспячэння. Узгадвае, што прадпрыемства і тады, у 2008-м, было ў сумным стане.

«Старыя, аблезлыя савецкія будынкі, вялізная колькасць закінутых памяшканняў, працы няма, бо ў нас проста няма столькі самалётаў і верталётаў, каб рамантаваць. Спецыялісты займаліся незразумела чым — касілі паркі, напрыклад. І мы, па сутнасці, выконвалі абавязкі рознарабочых.

Тады я атрымліваў рублёў 200 на сучасныя грошы. Вельмі маленькія заробкі былі. Для параўнання: у жанчыны, якая загадвала складам, дзе дэталі захоўваліся, заробак нават меншы быў, чым у нас, прытым што яна несла матэрыяльную адказнасць. Калі я перайшоў на льнокамбінат, за тыдзень зарабіў столькі ж, колькі за месяц на авіярамонтным».

Бардак на заводзе гэтым не абмяжоўваўся. Яшчэ адной праблемай было тое, што дэталі раскрадалі. Аднойчы на металалом зацягнулі бочку для некіраваных ракет, якую вешаюць на верталёт.

Пасля Зміцер працаваў шэсць гадоў на льнокамбінаце — транспарціроўшчыкам пражы ў нарыхтоўчым цэху. Расказвае, што заробкі там у многім залежалі ад аб’ёму вытворчасці і продажаў.

«У 2010—2011 гадах нават нядрэнна выходзіла — я як просты рабочы 350 даляраў меў. Тым больш рабочых паступова скарачалі, і аказвалася, што адзін выконваў абавязкі некалькіх чалавек — і за кошт гэтага заробак павышаўся. Але пачынаючы з 2012 года ён стаяў на месцы, а цэны раслі. Мы спрабавалі хадзіць да кіраўніцтва, да прафсаюзаў звяртацца, але ўсё без толку.

Нам начальніца наўпрост сказала: «Каго мне скараціць, каб вам заробак падняць?» Нас, транспарціроўшчыкаў, яшчэ вельмі мала было, таму са скрыпам у адпачынак адпускалі, былі перапрацоўкі».

«Колькі хапае на жыццё? 200 даляраў — для мяне шмат»

У 2014-м мужчына звольніўся і з таго часу афіцыйна нідзе не працуе. «Стаў дармаедам, — жартуе. — Але калі пачалася дармаедская кампанія, мне ніякіх «лістоў шчасця» не прыходзіла. Я не трапіў у гэтыя спісы, бо не станавіўся на ўлік на біржу, не быў у паліклініцы, нідзе не адзначаўся».

На што жыў? Былі нейкія падпрацоўкі, плюс бацькі дапамагалі. Маці яго, мастачка па адукацыі, тады то ездзіла на будоўлі ў Маскву маляром-тынкоўшчыкам, то працавала дворнікам, прыбіральшчыцай.

«Адразу як звольніўся, думаў: сродкі ёсць пэўныя, можа, крыху адпачыць. А потым ужо былі праблемы з пошукам работы. Для мяне гэта было некрытычна — няма і няма. Ежа ёсць, так што нічога страшнага».

Рабіць палітычны блог Зміцер стаў у 2017-м, калі пачаліся пратэсты дармаедаў, а пасля масавыя затрыманні на Дзень Волі.

«Пасля 25 сакавіка, калі многіх пасадзілі і інфармацыі не стала, я зразумеў, што трэба рабіць свой канал і займацца палітыкай», — кажа мужчына.

«Марш недармаедаў» у Оршы, 2017 год. Фота Tut.by.

«Марш недармаедаў» у Оршы, 2017 год. Фота Tut.by.

У ютуб ён выкладае стрымы з розных акцый, інтэрв’ю з палітыкамі. Канал пакуль невялікі, налічвае каля 4 тысяч падпісантаў. Зміцер кажа, што нягледзячы на гэта атрымлівае добраахвотныя ахвяраванні, за кошт якіх цяпер, па сутнасці, і жыве. Самыя вялікія данаты — ад замежнікаў: па 20, па 100, па 200 еўра. Беларусы пераводзяць куды меншыя сумы.

«Колькі на месяц атрымаецца, ніхто не ведае. Сума можа быць рознай. Бываюць лепшыя дні, калі пасля нейкага стрыму прыляцеў данат 300 еўра. А бывае, месяц-два нічога няма, — не хавае блогер. — На тое, каб жыць, хапае. Мне шмат не трэба».

«Ну а колькі вам хапае на жыццё? 200 даляраў?»

«Менш, канечне. 200 даляраў — гэта шмат. У нас столькі — гэта нармальны заробак».

«У рэгіёна добры пратэстны патэнцыял, але людзі церпяць»

Пра галоўныя праблемы Аршанскага раёна блогер кажа так:

«Іх там шмат, куды ні паглядзі. Сказаць, што беспрацоўе, дык гэта праблема ўсёй краіны, нізкія заробкі — таксама. Уся сутнасць у тым, што ў рэгіёнах не хапае грошай. Тут вельмі дрэнны бізнэс-клімат. На заходняй мяжы інфармацыя ёсць, нейкі ценявы рынак, а тут мяжа з Расіяй, мядзведжыя куты. Усходняя Беларусь больш дэпрэсіўная за заходнюю ў плане эканомікі».

Мясцовыя трымаюцца за свае месцы на заводах, хоць заробкі там, па словах Змітра, 300—400 рублёў.

«Некаторыя лічаць гэта нормай, кажуць: «А навошта больш?» Гэта такое правінцыйнае мысленне. Людзі запужаныя.

З іншага боку, у рэгіёна добры пратэстны патэнцыял. З-за галечы былі дармаедскія маршы, на якія вельмі шмат выйшла людзей. Патэнцыял ёсць, іншая справа, што апазіцыйныя палітыкі пакуль не змаглі скарыстацца ім. Чаму? Гэта пытанне да палітыкаў. Апазіцыя аказалася негатовая. Чакалася, 200—300 чалавек прыйдзе, як заўсёды, а тут раз — выйшла тысяча».

Ці змянілася штосьці ў Оршы пасля леташняга разносу Лукашэнкі?

«Змяніліся два кіраўнікі райвыканкама, — іранізуе Зміцер. І дадае, што дыхаць стала крыху лягчэй, але гэта таму, што эканоміка ў цэлым па краіне крыху ачуняла. — У Оршы адкрылі так званы інкубатар малога бізнэсу, які быццам дапамагае ў рэгіёне. Прынялі закон, па якім для раёна зрабілі асаблівыя падатковыя ўмовы. Але рэальна не бачна, каб паўсюль стала шмат чаго адкрывацца, — тых жа крам.

Адзінае, што з'явілася, — закусачныя. Раней кіёскі закрытыя стаялі, а цяпер там шаўрмятні.

На паперы вельмі вырасла колькасць новых ІП, юрасоб, але ці так гэта насамрэч, не магу сказаць».

Што да моладзі, то многія едуць за мяжу — ці вучыцца, ці працаваць. Калі раней галоўным кірункам для гастарбайтараў з Оршы была Расія, то цяпер гэта Польшча. Па горадзе нават аб’явы вісяць з прапановай дапамагчы працаўладкавацца ў Польшчы.

«З Расіі некаторыя літаральна пехам вяртаюцца: іх там проста кінулі, не заплацілі», — дзеліцца мужчына.

Зміцер заўважае, што мясцовая моладзь, як ні дзіўна, — адна з найбольш пасіўных катэгорый насельніцтва.

«Калі я на пікетах стаяў, паглядзеў, што самыя актыўныя палітызаваныя масы — гэта людзі сярэдняга ўзросту, 35—50 год. Яны ў нешта вераць, гатовы змагацца, выходзіць, асабліва тыя, хто на пенсію рана выйшаў, — у іх ёсць падстрахоўка, яны не баяцца, што пазбавяцца ўсяго.

А моладзь… У іх спытай, хто такі Статкевіч, і дай варыянты: «рэдактар польскай газеты», «порнаакцёр» і яшчэ хто-небудзь, — невядома, што адкажуць. Яны глядзяць забаўляльны кантэнт або замежны — пра Навальнага ведаюць больш, чым пра Беларусь».

Па назіраннях блогера, цяпер у рэгіёне моцнага пратэстнага настрою няма.

«2016—2017 гады — тады была такая злосць. Работы няма, заробку няма, усіх звальняюць, а тут яшчэ і падатак на дармаедства — узнікала рэвалюцыйная напружанасць.

А сёння людзі гатовы цярпець тое, што ёсць. У цэлым яны незадаволеныя ўладай, рэжымам, але гэта пасіўная незадаволенасць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?