Блогер Сяргей Ціханоўскі і актывістка кампаніі «Маці 328» Тацяна Канеўская падчас пікету.
У Гомлі на вуліцы Хатаевіча, што ў 10 хвілінах ад цэнтру гораду, пасьля 16-й гадзіны распачаўся пікет з удзелам дзевяці апазыцыйных кандыдатаў у дэпутаты, піша Радыё Свабода.
На замову арганізатараў пікета прыватная замоўленая фірма змантавала сцэну для выступаў, але ахоўнікі супермаркета «Эўраопт» заявілі, што пікет — узгоднены, а сцэна — не. Ды разабралі яе.
Па стане на 17 гадзін на пляцоўцы каля супэрмаркету сабраліся каля 200 чалавек. Каля крамы — каля 20 супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным. Выступаюць кандыдаты ў дэпутаты, яны кажуць пра несправыядлівыя выбары і праблемы ў грамадзтве.
Кандыдат у дэпутаты фэрмэр Юры Ганцэвіч не даехаў да пікету — яго трактар затрымалі супрацоўнікі ДАІ і адагналі на штрафстаянку.
Блогер Сяргей Ціханоўскі заявіў, што на акцыю мусіў прыехаць блогер з Менску MozgOn, але, па словах Ціханоўскага, яго затрымалі.
Акцыю анансаваў у сваім YouTube-канале «Страна для жизни» блогер Сяргей Ціханоўскі. На пікет, анонс якога ў інтэрнэце меў больш за 40 тысяч праглядаў, прыйшло больш за 100 чалавек.
«У Беларусі няма сумленных выбараў, не зьмяняецца ўлада, няма незалежных судоў, няма свабоды сходаў; намі кіруюць людзі, якіх мы не выбіраем; прымаюцца законы, якія шкодзяць нашай краіне. Неўзабаве мы можам стаць часткай іншай дзяржавы, і нас пра гэта нават не спытаюць. Мы павінны ўзяць на сябе адказнасьць, калі мы хочам перамен», — казаў у запрашэньні на сустрэчу Сяргей Ціханоўскі.
Блогер падкрэсьліў, што акцыя цалкам узгодненая, законная і санкцыянаваная, бо на яе падалі заяўкі кандыдаты ў дэпутаты. Увечары 14 лістапада ён паведаміў пра спробу свайго затрыманьня.
Пікеты ля супэрмаркета «Эўраопт» замовілі шэраг кандыдатаў у дэпутаты — Тацяна Канеўская (рух «Маці 328»), незалежныя кандыдаты Юры Ганцэвіч і Алена Давыдава, сябра БНФ Васіль Раманаў і актывіст АГП Уладзімер Няпомняшчых ды іншыя.





