Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у першай тэлефоннай размове з Уладзімірам Зяленскім заявіў, што Украіна заўсёды была добра прадстаўлена на конкурсе прыгажосці «Міс Сусвет».
Пра гэта гаворыцца ў апублікаваным у пятніцу мемарандуме тэлефоннай размовы, якую лідары правялі 21 красавіка, адразу пасля перамогі Зяленскага на выбарах.
Трамп патэлефанаваў Зяленскаму павіншаваць яго з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах. У размове Зяленскі запрашаў прэзідэнта ЗША наведаць яго інаўгурацыю, кажучы, што ўкраінцы — «добры, цёплы і прыязны народ».
«Так, я згодны з вашымі словамі аб вашай краіне», — сказаў Дональд Трамп.
«Калі я быў уладальнікам «Міс Сусвет», у іх заўсёды былі выдатныя людзі. Украіна была заўсёды вельмі добра прадстаўлена», — дадаў прэзідэнт ЗША.
Дональд Трамп быў уладальнікам конкурсу «Міс Сусвет» з 1996 па 2015 год.





