Служба бяспекі Украіны паведаміла аб затрыманні камандзіра тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» Аль Бара Шышані. Як аказалася, з 2018 года ён жыў ва Украіне, затрымалі яго ў прыватным доме пад Кіевам.
Аль Бара Шышані — грамадзянін Грузіі Цэзар Тахасашвілі. З 2012 года ён быў амірам джамаата «Ахадун Ахат» у сірыйскай правінцыі Латакія. У 2013 годзе стаў намеснікам ваеннага эміра «Ісламскай дзяржавы» Абу Умара аш-Шышані.
Калі ў 2016 годзе аш-Шышані быў забіты, Аль Бара Шышані выехаў у Турцыю.
Цэзар Тахасашвілі, таксама вядомы на радзіме пад імем Леван, з'ехаў ваяваць у Сірыю яшчэ ў 2013 годзе. Спачатку ён знаходзіўся ў складзе ўзброенай апазіцыі, узначальваючы так званую чачэнскую брыгаду, але затым далучыўся да «Ісламскай дзяржавы», дзе пасаду «міністра вайны» займаў яго аднавясковец Тархан Бацірашвілі (Умар аш-Шышані). Дзякуючы дружбе з ім Цэзар Тахасашвілі здабыў вялікі ўплыў.
У 2018 годзе Аль Бара Шышані незаконна прыехаў ва Украіну з выкарыстаннем падробленага пашпарта і легалізаваўся ў краіне, каб каардынаваць тут дзейнасць спецыяльных ячэек Ісламскай дзяржавы.





