У «Клубе рэдактараў» на «Беларусь 1» выступіў зяць Аляксандра Радзькова, колішняга першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта (2010-2014).
Уладзімір Пярцоў узначальвае прадстаўніцтва тэлерадыёкампаніі «Мір» у Беларусі.
Уладзімір Пярцоў. Фота БелТА
Ён тлумачыў гледачам, што некаторыя кандыдаты ў дэпутаты загадзя спрабуюць апраўдаць свой пройгрыш на выбарах. Праўда, не называў іх імёнаў.
«Разумеючы, што яны не пройдуць, пачынаюць ужо цяпер запускаць нейкія нарыхтоўкі, чаму гэта ў іх не атрымалася. Калі няма магчымасці зрабіць «прыгожы» перформанс, каб цябе за нейкія парушэнні паўшчувалі або, лепш за тое, знялі з выбарчай гонкі, то свой пройгрыш ўжо цяпер трэба спрабаваць апраўдаць», — заявіў Уладзімір Пярцоў, каментуючы выказванні некаторых кандыдатаў, што ім не хапіла эфірнага часу або магчымасці выступіць на старонках газет, каб стаць вядомымі і прайсці ў парламент.
Уладзімір Пярцоў звярнуў увагу, што цяпер заканадаўства дазваляе кандыдатам купляць эфірны час і плошчы ў газетах, каб данесці сваю пазіцыю.